Гарачымі і трагічнымі выдаліся мінулыя выхадныя ў Магілёўскай вобласці. Адбылося 7 пажараў, на якіх загінулі 6 чалавек, у тым ліку 2-гадовае дзіця, паведаміла карэспандэнту сайта старшы інспектар Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю абласнога ўпраўлення МНС Вольга Нехарошых.

Трагедыя адбылася ноччу 12 лістапада ў в. Ліпец Магілёўскага раёна. Пакуль уся вёска спала, у доме, які належыць 60-гадовай мясцовай жыхарцы, разгараўся пажар. Вяскоўцы прачнуліся ад трэску палаючага шыферу і, убачыўшы вогненнае зарыва, патэлефанавалі па тэлефоне 101. На жаль, занадта позна: пад абваленымі канструкцыямі без прыкмет жыцця былі выяўлены 41-гадовая дачка гаспадыні, яе 2-х гадовы сын, 37-гадовая пляменніца гаспадыні і яе 31-гадовы муж. Прычына пажару і ўсе абставіны гібелі высвятляюцца. Сама гаспадыня на момант узнікнення пажару знаходзілася ў Магілёве, бо напярэдадні яе 9-гадовая ўнучка была шпіталізавана ў бальніцу. Загінулыя стаялі на ўліку ў аддзеле адукацыі як сацыяльна небяспечная сям’я.


12 лістапада каля 8.30 адбыўся пажар прыватнага жылога дома ў в. Мокрае Быхаўскага раёна. На падлозе каля канапы без прыкмет жыцця быў знойдзены 46-гадовы сын гаспадыні. Загінулы пражываў адзін, нідзе не працаваў, са слоў суседзяў характарызаваўся адмоўна, быў неаднаразова судзімы. У выніку пажару часткова пашкоджана падлога, закураны сцены і маёмасць у доме. Прычына таго, што адбылося, высвятляецца.


13 лістапада каля гадзіны ночы ратавальнікі выязджалі на ліквідацыю ўзгарання прыватнага жылога дома ў в. Торчанка Клімавіцкага раёна. Адбылося гарэнне дома і адрыны адкрытым полымем, дах і перакрыцце часткова абрынуліся. 77-гадовага гаспадара без прыкмет жыцця знайшлі на печы. У выніку пажару знішчаны дах, перакрыцце, маёмасць у доме, а таксама знішчаны дах і пашкоджаны сцены хлява.


Увечары 10 лістапада паступіла паведамленне аб пажары ў цагляным будынку птушніка на тэрыторыі філіяла «Сервалюкс Агра» СЗАТ «Сервалюкс» ў в. Мяжысеткі Магілёўскага раёна. У выніку пажару знішчана 25 м транспарцёрнай стужкі падачы корму, пашкоджана 50 кв. м шыфернага даху. З 46 тыс. галоў птушкі (узрост каля 3 сутак), якія знаходзіліся ў будынку, загінула каля 2 тыс. Нанесены матэрыяльны ўрон і прычына пажару высвятляюцца.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59