Рус Бел Eng 中文

Творчых жыхароў Магілёўшчыны запрашаюць прыняць удзел у літаратурным конкурсе «Сіманаўскіх чытанняў»

Творчых жыхароў Магілёўшчыны запрашаюць прыняць удзел у VIII Міжнародным літаратурным конкурсе, прысвечаным памяці пісьменніка Канстанціна Сіманава і Году малой радзімы. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміў старшыня абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Аляксандр Казека.

Конкурс праводзіцца па трох намінацыях: «Малая проза», «Паэзія» і «Пераклад». Удзельнікам 15-18 гадоў прапануюць напісаць сачыненне ў эпісталярным жанры (жанры пісьма) на тэму «Дзень добры, мой аднагодак з мірнага XXI стагоддзя...». Для ўзроставых катэгорый ад 18 да 35 гадоў і старэйшых за 35 гадоў падрыхтавана тэма «І здаецца, што не было вайны...». Гэта могуць быць творы, прысвечаныя Канстанціну Сіманаву, гераічнай абароне Магілёва (падзеям лета 1941 года), перамозе ў маі 1945 года; Году малой радзімы ў Беларусі; антываеннай тэматыцы, якія заклікаюць да барацьбы за мір ва ўсім свеце, светапоглядныя – аб сэнсе і каштоўнасці чалавечага жыцця ў сучасным свеце. Гэтыя ж катэгорыі могуць паспрабаваць свае сілы ў перакладзе на беларускую мову верша Канстанціна Сіманава «Дом друзей» або «Майор привез мальчишку на лафете…».

Конкурсныя працы неабходна даслаць да 1 лістапада 2018 года (з паметкай «Конкурс – Тэма – Намінацыя – Узрост – (П. І. І.)») на электронны адрас elena.opidovich@mail.ru. Творы павінны быць надрукаваны на адным баку ліста фармату А4. Агульны аб’ём прадстаўленых работ не павінен перавышаць 3 друкаваных лістоў фармату А4.

Не прымаюцца да разгляду працы, выкананыя з незахаваннем патрабаванняў палажэння, прадастаўленыя на конкурс паўторна, з парушэннем этычных нормаў, дасланыя пасля 31 кастрычніка 2018 года.

Пераможцаў літаратурнага конкурсу вызначаць у кожнай намінацыі і кожнай узроставай катэгорыі. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбудзецца на «Сіманаўскіх чытаннях – 2018» у Магілёве 30 лістапада – 1 снежня. Лаўрэаты будуць узнагароджаны дыпломамі і падарункамі.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Магілёўскае гарадское аддзяленне Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Рускае таварыства», Магілёўскае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», Смаленская і Бранская абласныя арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі пры падтрымцы Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва – Расійскага цэнтра навукі і культуры (Мінск), Магілёўскага гарадскога Савета ветэранаў, сродкаў масавай інфармацыі Беларусі і Расіі і інш.

Канстанцін Сіманаў праславіў подзвіг абаронцаў Магілёва ў ліпені 1941 года. Ён пабываў у абложаным фашыстамі горадзе, наведаў пярэдні край абароны на Буйніцкім полі, дзе было падбіта 39 фашысцкіх танкаў і бронемашын. Тут ён сустрэўся з воінамі-абаронцамі, якія асабліва вылучыліся ў гэтым баі, у ліку якіх палкоўнік Сямён Куцепаў, які стаў правобразам генерала Сярпіліна. Пра герояў гэтай бітвы ваенкар расказаў на старонках газеты «Известия». Пазней пісьменнік не раз вяртаўся да абароны Магілёва, часта прыязджаў у абласны цэнтр, бываў на месцах бітваў, сустракаўся з іх удзельнікамі. Характары і лёсы многіх з іх у той ці іншай ступені атрымалі адлюстраванне ў раманах «Жывыя і мёртвыя», «Салдатамі не нараджаюцца». Паводле завяшчання прах Канстанціна Сіманава развеяны над Буйніцкім полем каля Магілёва. У памяць пра пісьменніка-франтавіка яго імем названа адна з вуліц абласнога цэнтра.

Палажэнне аб VIII Міжнародным літаратурным конкурсе, прысвечаным памяці пісьменніка Канстанціна Сіманава і Году малой радзімы ў Беларусі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая