Рус Бел Eng 中文

Тыдзень дзіцячай бяспекі стартуе ў Магілёўскай вобласці 4 мая

Тыдзень дзіцячай бяспекі стартуе ў Магілёўскай вобласці 4 мая. Мерапрыемства накіравана на папярэджанне дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей, паведаміла карэспандэнту сайта старшы інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Магаблвыканкама Таццяна Старасотнікава.

Па словах суразмоўніцы, з пачатку года на дарогах рэгіёна з удзелам дзяцей адбылося 10 дарожна-транспартных здарэнняў, у выніку якіх 12 непаўналетніх атрымалі траўмы.

Добрае надвор’е «спрыяе» дзіцячаму траўматызму на дарогах: дзеці шмат часу праводзяць на вуліцы і прадастаўлены самі сабе. Таму Дзяржаўтаінспекцыя настойліва рэкамендуе бацькам кантраляваць вольны час падлеткаў.

«Штодзённы напамін аб небяспецы можа засцерагчы дзяцей на дарозе, – адзначыла субяседніца. – Таксама варта надаць увагу юным веласіпедыстам, якім яшчэ не споўнілася 14-ці гадоў – ім катацца можна пад строгім кантролем дарослых і па-за зонай праезжай часткі. Не менш увагі варта звярнуць на падлеткаў, якіх нельга дапускаць да кіравання любым відам транспарту без адпаведнага на тое права».

Таццяна Старасотнікава падкрэсліла, што далёка не заўсёды дзятва трымаецца правілаў і задумваецца аб небяспецы. Прычына ДТЗ з удзелам дзяцей часцей за ўсё не ў няведанні закона дарог, а ў няўважлівасці і незахаванні простых правілаў бяспекі. Падчас гульні дзеці забываюць аб усім, а ў сілу свайго ўзросту не задумваюцца аб наступствах. Вось чаму ўменне чалавека за рулём прадбачыць небяспеку і гатоўнасць пры раптоўным з’яўленні дзіцяці на дарозе спыніць свой аўтамабіль – адзін з галоўных фактараў, якія папярэджваюць дзіцячае траўмаванне.

«Не забывайце і аб правілах перавозкі маленькіх пасажыраў: аўтакрэслы, бустары і рамяні – тыя самыя элементы бяспекі, якія дапамогуць захаваць жыццё і здароўе дзяцей у непрадбачаных дарожных сітуацыях», – сказала, звяртаючыся да вадзіцеляў, спецыяліст.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая