Рус Бел Eng 中文

Тыдзень тэхнічнай творчасці «Юнацтва. Інтэлект. Будучыня» стартуе 28 кастрычніка ў Бабруйску

Тыдзень тэхнічнай творчасці «Юнацтва. Інтэлект. Будучыня» пройдзе з 28 кастрычніка па 1 лістапада ў тэхнічным аддзеле Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Бабруйска. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ва ўстанове адукацыі.

Паводле слоў суразмоўцаў, на працягу пяці дзён адбудзецца комплекс мерапрыемстваў, які дасць дадатковую магчымасць дарослым і дзецям вызначыцца з занятасцю ў вольны час і выбраць аб’яднанне па інтарэсах тэхнічнага напрамку.

Так, 28 кастрычніка з 11.00 да 13.00 запланаваны Дзень адчыненых дзвярэй. Тут жыхарам горада на Бярэзіне прапануюць наведаць лабараторыі і навучальныя кабінеты цэнтра, пагутарыць з педагогамі дадатковай адукацыі тэхнічнага аддзела. Акрамя таго, жадаючыя змогуць азнаёміцца з выставай работ навучэнцаў і запісацца ў аб’яднанні па інтарэсах. Для тых, хто не паспее пабываць на мерапрыемстве, арганізатары прапануюць прыняць удзел у акцыі «Адкрый для сябе свет тэхнічнай творчасці!». З 13.00 да 14.30 дзеці і бацькі таксама змогуць атрымаць поўную інфармацыю аб гуртках і ў іх запісацца.

1 лістапада ў 11.00 адкрыецца выстава тэхнікі аб’яднання па інтарэсах «Картынг» (вул. К. Маркса, д.38, каля скульптуры «Бабёр»). Усе змогуць сфатаграфавацца ў картынгу, пагутарыць з педагогам і навучэнцамі гэтага аб’яднання.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая