Рус Бел Eng 中文

У Бабруйску 26 кастрычніка арганізуюць фестываль грамадскіх арганізацый «Мы разам»

Фестываль грамадскіх арганізацый «Мы разам» адбудзецца ў Палацы мастацтваў Бабруйска 26 кастрычніка з 12.00 да 17.00. Пра гэта карэспандэнту сайта паведамілі ў гарвыканкаме.

На мерапрыемстве пазнаёмяць з праектамі, якія дапамагаюць дзецям і дарослым з інваліднасцю раскрываць свой патэнцыял, здабыць новыя хобі, прафесіі і проста актыўна ўдзельнічаць у жыцці свайго горада і рэгіёна. На сустрэчы будзе магчымасць асабіста пагутарыць з тымі, хто прасоўвае ідэю інклюзіўнай адукацыі ў Бабруйску, паслухаць пра вопыт замежных калег у гэтым кірунку і інш. Праграма ўключае выставу работ, зробленых выпускнікамі праекта «Вучымся ўсёй сям’ёй»: маладыя людзі даказалі, што нават з «асаблівым» статусам у грамадстве яны здольны авалодаць мастацтвам фатаграфіі і тварыць з душой. Запланаваны таксама майстар-класы, кірмаш-продаж вырабаў членаў грамадскіх арганізацый горада на Бярэзіне.

Фестываль «Мы разам» з’яўляецца часткай грамадскай кампаніі «Вучыцца, каб дзейнічаць», накіраванай на папулярызацыю нефармальнай і грамадзянскай адукацыі ў рэгіёнах Беларусі. Кампанія стартавала сёння. Яна праходзіць у фармаце Каравана – арганізаванага перамяшчэння групы экспертаў, арганізатараў і валанцёраў – і ўключае ў сябе цыкл мерапрыемстваў (прэзентацый, майстар-класаў, адкрытых дыскусій, круглых сталоў) у розных кутках Сінявокай. 

Арганізатарамі фестывалю «Мы разам» выступаюць Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы сумесна з DVV International і Бабруйскай першаснай арганізацыяй «Надзея» грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам».

Жыхароў рэгіёна і горада на Бярэзіне запрашаюць стаць часткай святочнай атмасферы і пазнаёміцца з магчымасцямі, якія раскрывае адукацыя на працягу ўсяго жыцця. Уваход вольны па папярэдняй рэгістрацыі

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая