Праваслаўныя вернікі адзначаюць сёння Спас «на палатне», або арэхавы Спас, які ўстаноўлены ў памяць перанясення нерукатворнага вобраза Гасподняга ў Канстанцінопаль.
Існуе паданне, што падчас зямнога жыцця Ісуса Хрыста князь Едэскі цяжка захварэў. Даведаўшыся пра цуды Збавіцеля, князь паслаў да яго свайго мастака з лістом, просячы вылечыць яго ад цяжкай хваробы. Калі мастак убачыў аблічча Збавіцеля, моцна захацелася яму адлюстраваць рысы яго на палатне, але ўсе намаганні засталіся марныя: ніяк не мог ён улавіць рысы твару Гасподняга.
Заўважыўшы гэта, Ісус Хрыстос загадаў прынесці вады, памыўся, выцер твар свой хусткай, і, на дзіва прысутных, на хустцы адразу ж атрымалася выява Хрыста. Гэты нерукатворны вобраз свой Ісус Хрыстос паслаў князю разам з лістом, у якім пісаў: «Дабрашчасны ты, што паверыў у мяне, не ўбачыўшы мяне. Пасля ўшэсця майго прыйдзе да цябе мой вучань і зусім ацаліць цябе ад хваробы». Князь, атрымаўшы вобраз і пакланіўшыся яму, амаль зусім вылечыўся ад хваробы.
Спачатку абраз захоўваўся ў горадзе Едэсе, дзе жыў князь, пасля ж быў перанесены ў Канстанцінопаль. Перанясенне гэта і было здзейснена 29 жніўня.
У народзе арэхавы Спас азначаў таксама заканчэнне жніва і сяўбы азімага – з «дажынкамі», «дасеўкамі», а нярэдка і «засеўкамі». Трэці Спас называлі арэхавым або хлебным, таму што да гэтага дня, як правіла, спелі арэхі і заканчвалася жніво хлябоў. І прымаўкі адпаведныя былі ў народзе: «Добра, калі Спас – на палатне, а хлеб у гумне!», «Трэці Спас хлеба прызапасіў». «Калі добры трэці Спас, будзе зімой квас». Бытавалі прыкметы: «Ластаўкі адлятаюць у тры разы, у тры Спасы», «Калі журавель адляціць да трэцяга Спасу, то на Пакровы будзе марозна». У гэты дзень пяклі пірагі і печыва з новага хлеба.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59