Рус Бел Eng 中文

У Бялыніцкім раёне арганізавана харчаванне для механізатараў, якія працуюць на жніве

Магілёўшчына пакуль прыбрала менш за ўсіх хлеба. Па аператыўнай інфармацыі Мінсельгасхарча, на ўчарашні дзень у рэгіёне збожжавыя былі абмалочаны крыху больш чым на 16% ад усёй плошчы. Такое адставанне ад іншых рэгіёнаў тлумачыцца проста: надвор’е падвяло.

«Па прычыне дажджоў камбайны не маглі выйсці ў поле. Зараз надвор’е наладзілася і ўборачная набірае тэмп. Калі ў пачатку тыдня мы прыбіралі 3,7% плошчаў у дзень, то цяпер – 4,5%. Будзе і больш», – пракаментаваў намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кажамякін.

Бялыніцкі раён за ўсё некалькі дзён таму прыступіў да масавага жніва. Старшыня райвыканкама Анатоль Шчуплянкоў заўважае, што ў найбліжэйшыя дні камбайнеры гаспадарак будуць прыбіраць па 5-6% плошчаў. Ураджайнасць пакуль высокай не назавеш – каля 30 ц/га. Але жніво толькі пачалося, і зразумела, што лічба гэтая будзе больш.

Галоўныя людзі на жніва – камбайнеры і вадзіцелі, якія адвозяць збожжа на элеватар. Іх працу лёгкай не назавеш. На рабоце з 6-і раніцы. Дадому прыходзяць ужо зацемна. Таму забеспячэнне работнікаў якасным гарачым харчаваннем – надзённая патрэба. У ААТ «Новая Друць» людзі задаволеныя яго арганізацыяй.

«Падчас уборачнай працоўны дзень у нас пачынаецца а палове восьмай раніцы, – заўважыла загадчыца сталовай сельгаспрадпрыемства Людміла Кастусёва. – Кухары і абеды, і вячэры рыхтуюць з душой. Імкнуцца разнастаіць меню. Сёння ў якасці гарніру, напрыклад, бульба. Значыць, заўтра каша будзе. У «Новай Друці» ёсць свой сад. З ягад, якія там сабраны, рыхтуем узвары, салодкае. Ды яшчэ даём кожнаму па бутэльцы мінеральнай вады, якую наша гаспадарка выпускае. Гэтую ваду, дарэчы, пастаўляем і іншым сельгаспрадпрыемствам раёна. Харчаванне развозім па палях двойчы ў дзень на дзвюх машынах».

Будучы ў гаспадарцы, я, вядома ж, зазірнуў у меню. На абед камбайнерам прапаноўваўся гарохавы суп, паджарка са свініны з гарнірам і рысавай кашай, кампот. Вячэра была больш сціплай, але не менш сытнай – асноўнай стравай значыліся катлеты з бульбяным пюрэ. Што тычыцца коштаў, то яны такія: абед каштуе крыху больш за Br6, вячэра – каля Br2,5. Але гэта не значыць, што такія сумы механізатарам даводзіцца кожны дзень выкладваць з уласнай кішэні.

«Тыя, хто працуе на жніве, плацяць за харчаванне 10%, – удакладніў дырэктар «Новай Друці» Анатоль Драздоў. – Усё астатняе мы пакрываем з уласнага прыбытку. Але пры адной умове – трэба добра працаваць. Парушыў працоўную дысцыпліну – плаці за абеды і вячэры поўны кошт. Мы стараемся рабіць усё, каб камбайнеры думалі толькі аб жніве – калі ўзнікаюць у каго праблемы, дапамагаем іх вырашыць. Напрыклад, падышоў сёння камбайнер Аляксей Юшкевіч. Гаворыць, што маці трэба дровы выпісаць дадому, але для гэтага даводзіцца адпраўляцца ў лясгас, шукаць трактар. Карацей кажучы, цэлы дзень траціць. Пытанне вырашылі прасцей – прывязём дровы з нашага дрэваапрацоўчага цэха».

Абед на полі падыходзіў да канца. Камбайнер Аляксандр Юрчанка і яго памочнік Андрэй Свірэйка якасцю харчавання засталіся задаволены. «Адпраўляючыся ў поле, бралі «ссабойку», – успомнілі яны, што былі і іншыя часы. – Але да абеду хатняя ежа астывала. Цяпер ядзім толькі гарачае. Кормяць дзяўчаты добра, стараюцца».

Пахваліўшы работнікаў сталовай, камбайнеры адправіліся па машынах: трэба хлеб прыбіраць.

Павел Мінчанка, СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая