Рус Бел Eng 中文

У цэнтры Клічава з’явілася графіці сойкі

Малюнак сойкі памерам з пяціпавярховы дом з’явіўся ў цэнтры Клічава. Райцэнтр стаў першым горадам у Магілёўскай вобласці, які далучыўся да праекта «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

«Графіці птушак у беларускіх гарадах мы ствараем з 2015 года, – адзначыла кіраўнік аддзела развіцця Грамадскай арганізацыі Карына Салавей. – З дапамогай яркіх малюнкаў спадзяёмся папулярызаваць сайты дзікай прыроды, прыцягнуць увагу да птушак і да тэрыторый, важных для птушак. Словам, мабілізаваць людзей на захаванне ўнікальнай прыроднай спадчыны. Выявы птушак ужо ўпрыгожылі дамы ў Мінску, Валожыне, Маларыце. Звычайна выбар падае на птушку года або на птушку, якая з’яўляецца сімвалам раёна. Так было і на гэты раз – сойка прызнана афіцыйным сімвалам Клічаўшчыны».

Грошы на графіці збіралі з міру па нітцы на анлайн-платформе. Але поўную суму, прызнаецца Карына Салавей, расстарацца не змаглі. Тады фінансамі дапамаглі мясцовыя ўлады, якім ідэя з птушкай вельмі спадабалася. Таксама яны далі вышку для працы, аказалі іншую пасільную дапамогу мастаку.

Графіці маляваў вядомы стрыт-артмайстар Аляксандр Благі. На ўпрыгожванне фасада дома па вуліцы Крываноса ў яго пайшло чатыры дні.

«Большасць жыхароў дома і выпадковых прахожых ацанілі малюнак станоўча, – расказаў пра рэакцыю мясцовых жыхароў на графіці аўтар твора. – Некаторыя сталі хваліць працу адразу – калі толькі былі нанесены контуры. Іншыя кожны дзень прыходзілі праверыць, гатова графіці ці не. Але адзін мужчына быў настроены ваяўніча. Ён усё пытаўся, навошта тут гэты «верабей». Праўда, убачыўшы канчатковы вынік, змяніў гнеў на літасць. Цяпер, кажа, выдатна».

Мэта «Ахова птушак Бацькаўшчыны» – прыцягнуць увагу мясцовых жыхароў – дасягнута. Наступным горадам, у якім з’явіцца «птушынае» графіці, стане Карма ў Гомельскай вобласці.

СБ

Фота прадаставіла Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая