Рус Бел Eng 中文

У Францыі адкрыты яшчэ адзін квартал шклоўскіх дамоў

У французскім горадзе Вільру (правінцыя Латарынгія) адбылася афіцыйная цырымонія адкрыцця жылога квартала імя Жана Эмануэля Жылібера, збудаванага з драўляных дамоў, вырабленых філіялам «Домабудаванне» Шклоўскага завода газетнай паперы. Пра гэта паведамляецца на сайце «Беллеспаперапрама».

Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка і мэр г. Вільру Алан Казоні ў прысутнасці прадстаўнікоў французскіх кампаній-падрадчыкаў і беларускіх будаўнікоў урачыста адкрылі памятную дошку, прысвечаную прысваенню імя Ж. Жылібера гэтаму кварталу.

Жан Эмануэль Жылібер – выдатны медык, батанік, біёлаг. Нарадзіўся ў 1741 годзе ў г. Ліёне, у канцы 18 стагоддзя пражываў у г. Гродна, дзе дзякуючы яму была створана першая ўрачэбная акадэмія і адзін з найбуйнейшых батанічных садоў. Яго імем названы галоўны Гродзенскі гарадскі парк. У пачатку XXI стагоддзя ля цэнтральнага ўвахода ў парк ўстаноўлена бронзавая скульптура французскага навукоўца.

У сваім прывітанні на цырымоніі Павел Латушка адзначыў, што гэты праект мае сімвалічнае значэнне: у беларускіх дамах будуць пражываць французскія сем’і. Супрацоўніцтва паміж Шклоўскім прадпрыемствам і французскай кампаніяй «Logibat» можа стаць прыкладам для іншых кампаній. Прысваенне (па прапанове пасольства Беларусі ў Францыі) гэтаму жылому кварталу імя Ж. Жылібера, француза, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё г. Гродна ў 18 стагоддзі, з’яўляецца праявай павагі да сумеснай гісторыі.

Пасол Беларусі падкрэсліў, што рэальнасць праекта пацвярджаюць ужо пабудаваныя ў Латарынгіі з беларускіх матэрыялаў 71 жылыя дамы, а перспектыўнасць праекта праяўляецца ў планах павялічыць забудову да 132 дамоў да канца 2019 года, дамоўленасць аб чым была дасягнута падчас V-га беларуска-французскага бізнес-форума, які адбыўся ў г. Мінску 26 кастрычніка 2018 года.

Павел Латушка таксама адзначыў станоўчы вынік экспарту беларускай прадукцыі дрэваапрацоўкі: так, у 2017 годзе беларускіх мэблі, дамоў, іншых драўляных вырабаў пастаўлена ў Францыю на 16 млн$, а за 9 месяцаў бягучага года – ужо на суму больш за 17 млн $. 

Мэр г. Вільру ў сваім выступленні падкрэсліў, што гэтыя дамы адпавядаюць усім французскім будаўнічым нормам і ў сваёй цэнавай катэгорыі могуць быць запатрабаваны больш чым 80% жыхароў Францыі. Алан Казоні таксама адзначыў эфектыўнасць і ўзаемавыгаднасць дадзенага супрацоўніцтва.

У перспектыве плануецца падпісаць кантракт з французскай кампаніяй на пастаўку пліткі ААТ «Керамін», якая будзе выкарыстоўвацца пры аздабленні дамоў і кухняў беларускай вытворчасці.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая