Рус Бел Eng 中文

У Горках для аматараў прыроды адкрыты для наведвання дэндрапарк Беларускай сельгасакадэміі

Выдатны адпачынак – гэта прагулка на свежым паветры па маляўнічых месцах. У іх ліку – дэндрарый батанічнага саду, размешчаны ў Горках на тэрыторыі Беларускай сельгасакадэміі. Сёння парк, які быў закладзены ў 1847 годзе, уваходзіць у спіс помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння.

«Раней у дэндрарый можна было трапіць толькі праз батанічны сад у рабочыя дні з 8.00 да 17.00, – адзначыў прарэктар па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце акадэміі Віктар Капытоўскі. – Вядома, большасць людзей праз такі рэжым не мелі магчымасці прагуляцца там і атрымаць асалоду ад прыгажосці прыроды. Таму было прынята рашэнне змяніць час наведвання і ўваход у парк. З 13 ліпеня для наведвальнікаў ўпершыню адкрыюць цэнтральныя дзверы ў дэндрарый. Ён будзе працаваць шэсць дзён на тыдзень. Па буднях – з 10.00 да 19.00, а ў суботу – з 11.00 да 17.00. Уваход свабодны, з боку Ніжняга возера».

Як расказала загадчыца батанічнага саду Ганна Гардзеева, дэндрапарк раскінуўся на 14 га. У экспазіцыю ўваходзяць 90 відаў дрэў і 145 кустоў. Сярод разнастайна травяністай расліннасці ёсць і рэдкія, занесеныя ў Чырвоную кнігу. Напрыклад, гусіная цыбуля, шпажнік чарапітчаты, гарлачык жоўты. Гняздуецца 56 разнавіднасцяў птушак. Жывуць рудыя амерыканскія вавёркі, вожыкі, зайцы, бабры.

Паводле матэрыялу газеты «Горацкі веснік» 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая