Рус Бел Eng 中文

У карціннай галерэі Пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Бабруйска адкрылася новая фотавыстава і музейны пакой

У карціннай галерэі Пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Бабруйска адбылося адкрыццё новай фотавыставы, правядзенне якой у горадзе на Бярэзіне напярэдадні прафесійнага свята выратавальнікаў стала ўжо традыцыяй. Чацвёрты год наведвальнікі экспазіцыі могуць азнаёміцца з дзейнасцю людзей, чыя прафесія звязана з папярэджаннем і ліквідацыяй надзвычайных сітуацый рознага характару.

Аўтарамі праекта, ідэі і выканаўцамі сталі Ала Сказава і старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Бабруйскага ГРАНС Дзмітрый Сказаў, заўважыў інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Бабруйскага гаррайаддзела па НС Яўген Тоўсцік. Фотавыстава прадстаўлена ў дзвюх тэматыках – «Ратавальнікі у асобах» і «Дзеці ратавальнікаў». На карцінах дзеці работнікаў Бабруйскага ГРАНС і самі работнікі розных званняў і пасад. Усе здымкі выкананы на спецыяльных палотнах і маюць незвычайную вытанчанасць і адценне, нібы гэта ідэальна напісаныя карціны.

Дарэчы, праца над дадзеным праектам будзе працягвацца і ў гэтым годзе. Плануецца, што калекцыя неўзабаве пабывае ў розных гарадах Магілёўшчыны і нават краіны.

Аднымі з першых фотавыставу наведалі ганаровыя госці XV адкрытага турніру па міні-футболе, валейболе і пажарным спорце на кубак старшыні Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта сярод падраздзяленняў пажарных-выратавальнікаў. У гэтым годзе спаборніцтва сабрала 11 каманд, у ліку якіх сем беларускіх і чатыры замежныя – з Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Германіі. На працягу трох дзён (з 17 студзеня) дружыны адстойваюць гонар сваіх дзяржаў і гарадоў у барацьбе за галоўны прыз турніру.

Таксама наведвальнікам прапанавалі акунуцца ў атмасферу 50-х гадоў мінулага стагоддзя ў музейным пакоі «Кабінет начальніка пажарнай каманды». Тут госці змаглі ўбачыць гадзіннік, настольную лямпу, крэслы, стол, форменнае абмундзіраванне, пісьмовыя прыналежнасці, узнагароды, дакументы і нават шафу тых гадоў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая