Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці 84,8% дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, уладкавана на выхаванне ў замяшчальныя сем’і

У Магілёўскай вобласці 84,8% дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, уладкавана на выхаванне ў замяшчальныя сем’і, а на тэрыторыі 13 адміністрацыйных адзінак рэгіёна па выніках 9 месяцаў 2017 года дзеці наогул не накіроўваліся ў інтэрнатныя ўстановы. Пра гэта паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Ірына Кускова падчас правядзення II абласнога форуму замяшчальных бацькоў. Мерапрыемства адбылося 15 лістапада на базе Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Паводле слоў Ірыны Кусковой, у апошнія гады значныя змены зведала сістэма замяшчальных сем’яў: колькасць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу павялічылася з 32 у 2011 годзе да 56 у 2017-м. Каля 400 дзяцей здабылі ў іх вялікае шчасце – жыць і выхоўвацца ў любові і павазе, дабрабыце і камфорце. Для 1 222 дзяцей апекунамі сталі блізкія сваякі, 756 знайшлі сям’ю дзякуючы неабыякавасці і клопату незнаёмых ім раней людзей (у рэгіёне налічвае 389 прыёмных сем’яў).

«Дзеці павінны выхоўвацца ў шчаслівых сем’ях, знаходзіцца ў бяспечных умовах, – падкрэсліла Ірына Кускова. – Для дасягнення гэтых мэтаў дарослым неабходна аб’яднаць намаганні і супрацьстаяць пагрозам сучаснага свету. А іх цяпер, на жаль, занадта шмат. Зберагчы дзяцей ад згубных звычак, укласці ў іх душы разуменне ўласнай адказнасці за здароўе, здзейсненыя ўчынкі, выхаваць маладых людзей высокамаральнымі, адухоўленымі ідэаламі дабра і справядлівасці – наша задача. Для гэтага неабходна валодаць адпаведнымі ведамі, навыкамі, каб пры выпадку знайсці выхад са складанай сітуацыі. Прычым выхад менш балючы для псіхікі дзіцяці, але пры гэтым найбольш дзейсны».

Намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі выказала ўдзячнасць за супрацоўніцтва SOS-Дзіцячай вёсцы Магілёва, а таксама падзякавала за працу, мудрасць, уменне выхоўваць маладое пакаленне бацькоў-выхавальнікаў, апекуноў, прыёмных бацькоў, усынавiцеляў і спецыялістаў аховы правоў дзяцінства.

Падчас форуму намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Міністэрства адукацыі Беларусі Алена Вайцяховіч азнаёміла ўдзельнікаў мерапрыемства з аспектамі ўсынаўлення дзяцей з прыёмных сем’яў. Аб дзейнасці SOS-Дзіцячай вёскі Магілёва па суправаджэнні замяшчальных бацькоў і моладзі з ліку дзяцей-сірот расказала педагог-псіхолаг аддзела падтрымкі сям’і і дзіцяці дадзенай установы Таццяна Бахмат. Сваім вопытам падзялілася маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу аддзела адукацыі, спорту і турызму Асіповіцкага райвыканкама Таццяна Кушнярова. Пра развіццё творчых здольнасцяў выхаванцаў ДДСТ расказала прыёмная маці аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Першамайскага раёна Бабруйска Наталля Салодкая і інш. На форуме таксама прысутнічалі начальнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжкоў і начальнік аддзела выхаваўчай работы і аховы правоў дзяцінства ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Іна Казлова. Завяршылася мерапрыемства цырымоніяй узнагароджання і падвядзеннем вынікаў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая