Падчас уборачнай у рэгіёне спынілі 463 парушэнні ПДР, якія былі дапушчаныя работнікамі сельгаспрадпрыемстваў, у тым ліку пры кіраванні службовым транспартам. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміў начальнік УДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама Міхаіл Неўмяржыцкі.
Паводле яго слоў, затрымалі 27 асоб, якія кіравалі транспартам АПК у стане алкагольнага ап’янення. Да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку допуску асоб да кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі і сельскагаспадарчай тэхнікай прыцягнута 76 службовых асоб Для ліквідацыі выяўленых недахопаў выдадзена больш за дзве сотні прадпісанняў, за іх невыкананне да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 72 кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў.
Акрамя таго, у перыяд правядзення ўборачных работ на тэрыторыі вобласці зарэгістравана 3 ДТЗ з удзелам сельгастэхнікі, у якіх пацярпела 5 чалавек. Здарэнні зафіксаваны ў Крычаўскім, Кіраўскім і Бялыніцкім раёнах. Яшчэ свежая ў памяці і страшная трагедыя ў Чэрыкаўскім раёне, дзе загінула 5 жанчын.
У сувязі з сезоннымі зменамі ўмоў надвор’я і дарожных умоў –скарачэннем светлавога дня, пагаршэннем бачнасці па прычыне ападкаў, туманаў, частымі выпадкамі цяжкіх ДТЗ з удзелам сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама з улікам працягу палявых работ ДАІ ўзмацніла кантроль за яе перамяшчэннем, а таксама праездам іншых буйнагабарытных і (або) цяжкавагавых транспартных сродкаў па дарогах агульнага карыстання, асабліва ў цёмны час сутак, падкрэсліў Міхаіл Неўмяржыцкі.
Акрамя інфармацыйна-тлумачальнай працы ў арганізацыях АПК супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ў найбліжэйшы час правядуць дадатковыя абследаванні ўсіх сельгаспрадпрыемстваў на прадмет выканання ўстаноўленага парадку допуску да ўдзелу ў дарожным руху вадзіцеляў і транспартных сродкаў, адпаведнасці аўтамабіляў, трактароў, самаходных машын, прычапнога і навяснога абсталявання тэхнічнай дакументацыі завода-вытворцы, а таксама абсталявання тэхнікі святлоадбівальнай маркіроўкай і знешнімі светлавымі прыборамі ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства.
Нагадаем: рух буйнагабарытных транспартных сродкаў па аўтамабільных дарогах агульнага карыстання дазваляецца толькі пры наяўнасці спецыяльнага дазволу, які выдаецца РУП «Белдарцэнтр». Акрамя таго, на цяжкавагавым і (або) буйнагабарытным транспартным сродку павінен быць уключаны маячок аранжавага колеру, прадугледжаны заводам-вытворцам, і ўсталяваны на кабіне. Пры шырыні транспартнага сродку больш за 3,5 м пробліскавымі маячкамі аранжавага колеру павінны быць дадаткова абсталяваны яго крайнія габарыты па шырыні.
Пры выяўленні парушэнняў праезду буйнагабарытных і (або) цяжкавагавых транспартных сродкаў супрацоўнікі ДАІ выдадуць загады кіраўнікам арганізацый з наступным кантролем іх выканання, а таксама інфармаваннем аб такіх фактах Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь.
У адпаведнасці з артыкулам 18.43 КаАП парушэнне парадку ўдзелу ў дарожным руху цяжкавагавых і (або) буйнагабарытных транспартных сродкаў цягне накладанне штрафу ў памеры ад 5 да 50 базавых велічынь як на кіроўцу, так і на службовую асобу.
Выяўленыя недахопы і праблемныя пытанні плануецца абмеркаваць на пастаяннай камісіі па арганізацыі бяспекі дарожнага руху пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Міністэрства ўнутраных спраў накіравала ў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, а таксама ў абласныя выканаўчыя камітэты лісты, у якіх адзначана неабходнасць прыняцця дадатковых мер па папярэджанні ДТЗ з удзелам транспартных сродкаў сельгаспрадпрыемстваў і выканання заканадаўства ў сферы арганізацыі бяспекі дарожнага руху пры перамяшчэнні па дарогах агульнага карыстання буйнагабарытных транспартных сродкаў, а таксама іншай сельскагаспадарчай тэхнікі ў цёмны час сутак.
Таксама Мінсельгасхарчу прапанавана разгледзець пытанне аб ініцыяванні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Правілы правядзення дзяржаўнага тэхнічнага агляду колавых трактароў, прычэпаў да іх, самаходных машын і іх допуску да ўдзелу ў дарожным руху, у частцы правядзення агляду прычапных агрэгатаў, канструкцыяй якіх прадугледжаны знешнія светлавыя прыборы.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59