У Магілёўскай вобласці падвялі вынікі маштабнага дабрачыннага праекта “Я бачу!” па дыягностыцы і аказанні афтальмалагічнай дапамогі дзецям з сельскіх раёнаў. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміла каардынатар праектаў Беларускага дзіцячага фонду Юлія Капцэвіч.

З сакавіка па снежань 2016 года года мабільная брыгада афтальмолагаў абследавала больш за 12,7 тыс. хлопчыкаў і дзяўчынак з 19 рэгіёнаў. У выніку ў 27,3% школьнікаў выяўлены розныя паталогіі зроку, прычым у 56,6% з гэтага ліку захворванні дыягнаставаны ўпершыню. У ліку асноўных – парушэнне рэфракцыі (міяпія, гіперметрапія, астыгматызм), радзей сустракаліся касавокасць, кан’юктывіт.

“Усе дзеці, якія прайшлі агляд, атрымалі медыцынскае заключэнне урачоў, рэкамендацыі, – расказала каардынатар праекта “Я бачу!”, урач-афтальмолаг Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы Марыя Малашка. – 1 723 дзецям выпісаныя рэцэпты на акуляры, 44 – прызначаныя дадатковыя абследаванні, лячэнне ва ўмовах стацыянара, 17 – праведзены аперацыі. Дадзеныя аб кожным школьніку з парушэннем зроку знаходзяцца ў інфармацыйнай базе нашай установы аховы здароўя. Такім чынам, дзеці будуць пад пастаянным наглядам і кантролем афтальмолагаў”.
Захворванні зроку знаходзяцца на другім месцы ў структуры дзіцячых хвароб. “Праблемы са зрокам у дзяцей актуальныя для ўсіх населеных пунктаў, але калі ў гарадах сем’і могуць мінімум раз у паўгода звадзіць дзіця да афтальмолага, то ў сельскай мясцовасці такая магчымасць ёсць далёка не ва ўсіх”, – адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі Velcom Вячаслаў Смірноў.

Таму праект “Я бачу!” стаў адным з найбольш маштабных сацыяльна значных медыцынскіх мерапрыемстваў, якія аб’ядналі намаганні грамадскай арганізацыі, бізнесу і дзяржавы. І эфект гэтай дапамогі аказаўся велізарны. Амаль усё дзіцячае насельніцтва вобласці ў сельскіх раёнах абследавана ўрачамі-афтальмолагамі. “Мы спадзяёмся, што ўпраўленне аховы здароўя і ўпраўленне адукацыі аблвыканкама больш падрабязна з прафесійнага пункту гледжання прааналізуюць вынікі праекта, а дадзеныя, атрыманыя ў выніку вялікай дыягнастычнай працы, будуць выкарыстаныя для распрацоўкі канкрэтных рэкамендацый для ўрачоў, педагогаў і дзяцей па прафілактыцы захворванняў зроку”, – адзначыў дырэктар Беларускага дзіцячага фонду Аляксандр Трухан.
Арганізатарамі праекта выступалі Беларускі дзіцячы фонд і кампанія Velcom пры падтрымцы Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта. У 2017 годзе праект “Я бачу!” працягнецца ў Гомельскай вобласці.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
03.08.2020 - 15:58
27.07.2020 - 16:01