У Магілёўскай вобласці стабільна зніжаецца ўзровень падлеткавай злачыннасці. Аб гэтым паведаміла сёння на выніковай камісіі па справах непаўналетніх Магілёўскага аблвыканкама намеснік старшыні КДН Наталля Ігнаценка.

Паводле яе слоў, калі ў 2005 годзе падлеткі ўчынілі на тэрыторыі рэгіёна 1117 злачынстваў, то ў 2016-м – 245, у 2017 – 242. Мэтанакіраваны міжведамасны падыход у арганізацыі прафілактычнай работы з непаўналетнімі дазволіў знізіць гэты паказчык за 2017 год яшчэ на 1,2%. Добра спрацавалі ў Ленінскім раёне Магілёва, Бабруйскім, Дрыбінскім, Кіраўскім, Круглянскім, Касцюковіцкім, Крычаўскім, Мсціслаўскім, Хоцімскім, Чавускім, Шклоўскім раёнах. У той жа час адзначаны рост у Бабруйску, Магілёўскім, Асіповіцкім, Быхаўскім, Горацкім, Клімавіцкім, Слаўгарадскім і Глускім раёнах.

«Асноўнымі прычынамі злачыннасці сярод непаўналетніх становяцца бескантрольнасць з боку бацькоў, неналежная арганізацыя індывідуальнай работы з цяжкімі падлеткамі, – падкрэсліла Наталля Ігнаценка. – Трэба звесці да мінімуму недахопы і хібы ў дзейнасці ўсіх суб’ектаў прафілактыкі. Ад гэтага шмат у чым залежыць, ці будзе эфектыўным вынік».

Асобна намеснік старшыні КДН аблвыканкама спынілася на ўдзельнай вазе падлеткавай злачыннасці. На Магілёўшчыне дадзены паказчык у агульнай структуры на 0,3% ніжэйшы за агульнарэспубліканскі. У якасці станоўчых прыкладаў Наталля Ігнаценка таксама адзначыла, што ў рэгіёне за 2017 год не былі зарэгістраваны забойства, махлярства, вымагальніцтва з удзелам непаўналетніх. Менш учынена крадзяжоў (зніжэнне са 136 эпізодаў у 2016 да 132 у 2017-м), рабаванняў (з 12 да 10) і злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных рэчываў (з 30 да 22).

Пры пазітыўнай дынаміцы па апошнім паказчыку, у рэгіёне стабільна высокай застаецца колькасць падлеткаў, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне антыалкагольнага, антынаркатычнага заканадаўства. Тут ёсць над чым падумаць і папрацаваць, падкрэсліла дакладчык.

У мінулым годзе камісіямі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне і адабраны ў бацькоў 326 дзяцей з 188 сем’яў. З іх больш за палову – 169 непаўналетніх – вернуты ў біялагічныя сем’і ў сувязі з нармалізацыяй сітуацыі. «Гэта добры паказчык, дасягнуты дзякуючы ўзаемадзеянню дзяржаўных органаў і іншых зацікаўленых, – падкрэсліла Наталля Ігнаценка. – Наша галоўная задача – забеспячэнне спрыяльных умоў для развіцця дзяцей. Таму праца накіравана не толькі на абарону правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, але і на выхаванне дзіцяці ў роднай сям’і».

Нягледзячы на асобныя станоўчыя вынікі, статыстыка па крымінагеннай абстаноўцы сведчыць аб недастаткова эфектыўнай арганізацыі і рэалізацыі прафілактычнай дзейнасці, арганізацыі вольнага часу, працоўнай занятасці як па вобласці ў цэлым, так і ў асобных рэгіёнах, сказала Наталля Ігнаценка. У далейшай працы неабходна прыняць дзейсныя меры па ліквідацыі прычын і наступстваў, якія спрыяюць супрацьпраўным паводзінам непаўналетніх і іх гібелі ад знешніх фактараў.

Пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх Магілёўскага аблвыканкама вёў старшыня КДН, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч. У рабоце таксама прынялі ўдзел старшы памочнік пракурора Магілёўскай вобласці Аляксандр Барзілоўскі, намеснікі старшыняў гаррайвыканкамаў, тэрытарыяльных камісій па справах непаўналетніх, начальнікі інспекцыі па справах непаўналетніх АУС, упраўленняў (аддзелаў) адукацыі, спорту і турызму, кіраўнікі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Магілёўскай вобласці.

Удзельнікі прааналізавалі вынікі работы міжведамаснай прафілактычнай дзейнасці за 2017 год, акрэслілі планы і задачы на 2018-ы, разгледзелі інфармацыйную запіску пракуратуры вобласці. Таксама ў сувязі са 100-годдзем з дня стварэння камісій па справах непаўналетніх адбылося ўзнагароджанне найлепшых членаў КДН.



Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 15:35
19.08.2020 - 15:25
18.08.2020 - 20:45
У Магілёве прайшоў мітынг у падтрымку міру, бяспекі і спакою. Відэа
18.08.2020 - 14:02
COVIND-19 і другая хваля: калі чакаць? Адказвае эпідэміёлаг Ірына Бас
17.08.2020 - 11:28
14.08.2020 - 16:43
ЦВК зацвердзіла вынікі выбараў: Прэзідэнтам выбраны Аляксандр Лукашэнка