Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці стартавала прафілактычная акцыя Дзяржаўтаінспекцыі «Час стаць прыкметным!»

Рэспубліканская прафілактычная акцыя «Час стаць прыкметным!» стартавала сёння ў Магілёўскай вобласці і працягнецца па 26 кастрычніка. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміў старшы інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Калеснік.

Паводле слоў суразмоўцы, мерапрыемствы накіраваны на папулярызацыю выкарыстання флікераў і камізэлек павышанай бачнасці і павінны ў чарговы раз звярнуць увагу пешаходаў на неабходнасць захавання правілаў бяспечных паводзін на дарозе.

Супрацоўнікі ДАІ таксама нагадаюць удзельнікам дарожнага руху аб правілах і карысці нашэння флікераў у цёмны час сутак і ва ўмовах недастатковай бачнасці.

Акрамя прафілактычных мерапрыемстваў, да пешаходаў-парушальнікаў будуць актыўна прымяняцца меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Да прыкладу, у мінулыя выхадныя за адсутнасць святлоадбіўных элементаў у цёмны час сутак да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 208 пешаходаў, а ўсяго за розныя парушэнні ПДР аштрафавана больш 418 пешаходаў.

Не застануцца без увагі і кіроўцы, якія не выконваюць хуткасныя рэжымы, правілы праезду пешаходнага пераходу. Парушальнікі будуць прыцягвацца да адказнасці.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая