Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя на пачатак снежня 2018 года складаў 0,4% ад эканамічна актыўнага насельніцтва

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя па Магілёўскай вобласці знізіўся з 1,1% на канец 2015 года да 0,4% на 1 снежня 2018-га. Пра гэта паведамілі ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама.

У бягучым годзе рынак працы рэгіёна характарызуецца ростам попыту на працоўную сілу, зніжэннем колькасці зваротаў грамадзян у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, адзначылі суразмоўцы.

На 1 снежня 2018 года на ўліку знаходзілася 1,8 тысяч беспрацоўных, што ў 1,6 разы менш, чым на 1 снежня 2017-га. У той жа час наймальнікамі былі паказаны звесткі аб наяўнасці 8,4 тыс.вакансій. Пры гэтым рынак працы арыентаваўся на рабочыя прафесіі: іх удзельная вага ў агульным ліку наяўных складала 64,4%. За 11 месяцаў па садзейнічанне ў працаўладкаванні звярнулася 29,1 тыс. грамадзян, з іх 17,6 тыс. лічыліся беспрацоўнымі.

У гарадах найбольш запатрабаваныя спецыялісты ў галіне аховы здароўя, інжынеры, бухгалтары, педагогі дадатковай адукацыі, леснікі, швачкі, вадзіцелі, прадаўцы, муляры, электраманцёры, слесары-рамонтнікі, кухары. У сельскай мясцовасці да многіх вышэйназваных дадаюцца заатэхнікі, аграномы, трактарысты, аператары машыннага даення, жывёлаводы.

Суразмоўцы падкрэслілі, што ў бягучым годзе важным інструментам рэгулявання рынку працы і занятасці насельніцтва выступае Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва», накіраваны на стымуляванне працоўнай занятасці і самазанятасці, падтрымку прадпрымальніцкай ініцыятывы, арыентацыю грамадзян на ажыццяўленне легальнай працоўнай дзейнасці. У кожным горадзе і раёне Магілёўскай вобласці створаны пастаянна дзеючыя камісіі для каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. У іх уваходзяць дэпутаты ўсіх узроўняў, спецыялісты розных падраздзяленняў выканкамаў. Людзі, якія адчуваюць цяжкасці з пошукам працы, ужо цяпер могуць звярнуцца ў камісію – прадугледжаны час прыёму грамадзян, інфармацыю пра гэта можна атрымаць у выканкаме, у раённых і гарадскіх СМІ.

У лік абавязкаў камісій уваходзіць праца з базай дадзеных аб тых, хто не заняты ў эканоміцы. Ставіцца задача не проста знайсці такіх людзей, але і зразумець, чаму яны не працаўладкаваныя – гэта дазволіць больш эфектыўна вырашаць праблемы ў сферы занятасці. Тым, хто можа і хоча працаваць, дапамогуць з пошукам вакансіі. Але калі ў чалавека ёсць магчымасць працаваць, а ён проста не жадае гэтага рабіць, прадугледжаны іншыя меры. У прыватнасці, з 1 студзеня будучага года для такіх грамадзян будзе праводзіцца разлік па эканамічна абгрунтаваных тарыфах за гарачую ваду, з 1 кастрычніка 2019-га – за газ, які выкарыстоўваецца для абагравання жылля, ці паслугі цэнтралізаванага ацяплення. Закране норма толькі тых, хто прызнаецца плацельшчыкам жыллёва-камунальных паслуг.

Калі чалавек не згодны з уключэннем у базу дадзеных, яму трэба звярнуцца ў камісію і пацвердзіць сваю занятасць для выключэння з яе. Звярнуцца ў камісію трэба і пры наяўнасці цяжкай жыццёвай сітуацыі – грамадзяне, якія аб’ектыўна знаходзяцца ў такім становішчы, будуць вызвалены ад поўнай аплаты ЖКП.

У Магілёўскай вобласці арганізавана сістэмная праца па стварэнні рабочых месцаў для працаўладкавання грамадзян, дадалі суразмоўцы. За 9 месяцаў 2018 года на зноў створаныя працоўныя месцы за кошт адкрыцця новых вытворчасцяў і прадпрыемстваў у цэлым па рэгіёне працаўладкавана больш за 3,7 тыс. чалавек.

У мэтах развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы са сродкаў бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь беспрацоўным грамадзянам прадастаўляецца субсідыя ў памеры 11-кратнай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, які дзейнічае на дату заключэння з беспрацоўным дагавора аб прадастаўленні субсідыі. На 1 снежня 2018 года памер субсідыі складаў Br2356, 31.

Пры арганізацыі прадпрымальніцкай і рамеснай дзейнасці, дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму беспрацоўнымі, зарэгістраванымі па месцы жыхарства ў малых гарадах і раёнах з высокай напружанасцю на рынку працы, а таксама ў сельскіх населеных пунктах, памер субсідыі складае 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (на 1.12.2018 г. – Br3213,15).

У студзені–лістападзе бягучага года субсідыі прадастаўлены 262 беспрацоўным грамадзянам.

У цэлым па Магілёўскай вобласці за 11 месяцаў упраўленнямі па працы аказана садзейнічанне ў працаўладкаванні 22,3 тыс. грамадзян, у тым ліку 13,2 тыс. беспрацоўным.

Дзяржава забяспечвае дадатковыя гарантыі занятасці грамадзянам, асабліва тым, хто мае патрэбу ў сацыяльнай абароне і не здольны на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы, адзначылі суразмоўцы. Да іх адносяцца маладыя людзі ва ўзросце да 21 года, якія ўпершыню шукаюць працу, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, бацькі ў шматдзетных і няпоўных сем’ях, а таксама тыя, хто выхоўвае дзяцей-інвалідаў, інваліды, асобы перадпенсійнага ўзросту, ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, асобы, вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі і інш. Для працаўладкавання такіх грамадзян наймальнікам штогод устанаўліваюцца заданні па браніраванні працоўных месцаў. Так, на 2018 год для прыёму на працу асоб, якія маюць дадатковыя гарантыі, у рэгіёне забраніравана 2250 працоўных месцаў.

З ліку беспрацоўных, якія стаяць на ўліку, маюць асаблівую патрэбу ў сацыяльнай абароне і не здольныя на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы, у студзені–лістападзе 2018 года працаўладкавана 2,8 тыс. чалавек, з іх 2,1 тыс – за кошт усталяванай броні.

Ажыццяўляюцца мерапрыемствы па адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці, накіраванай на набыццё і ўдасканаленне прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў з улікам атрыманай або наяўнай у іх спецыяльнасці (прафесіі). За 11 месяцаў у рэгіёне арганізавана адаптацыя да працоўнай дзейнасці 58 беспрацоўных, якія маюць інваліднасць.

У мэтах зніжэння дысбалансу паміж попытам і прапановай працоўнай сілы ажыццяўляецца навучанне беспрацоўных грамадзян па запатрабаваных на рынку працы прафесіях. На сённяшні дзень у Магілёўскай вобласці такое навучанне праводзіцца амаль па 30 прафесіях: маляр, тынкоўшчык, повар, прадавец, швачка, трактарыст, электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання і інш.). У студзені-лістападзе 2018 года на навучанне накіравана 1038 грамадзян.

Для садзейнічання непрацуючым грамадзянам у аператыўным пошуку працы арганізуюцца «Кірмашы вакансій». За студзень-кастрычнік у рэгіёне іх праведзена 278, а колькасць удзельнікаў – 5,6 тыс. чалавек. Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны забяспечаны доступ у агульнарэспубліканскі электронны банк вакансій, у якім акумулююцца актуальныя звесткі аб наяўнасці вакансій на прадпрыемствах краіны, і да партала дзяржаўнай службы занятасці насельніцтва, што дазваляе наймальнікам самастойна ў рэжыме анлайн размяшчаць звесткі аб наяўнасці ў іх свабодных працоўных месцаў, а грамадзянам – ажыццяўляць самастойны пошук працы.

У вобласці сфарміраваны і зацверджаны пералік рэгіёнаў прыярытэтнага прыцягнення працоўных рэсурсаў. Да іх адносяцца Быхаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі і Шклоўскі раёны.

Для садзейнічання працоўнай мабільнасці грамадзян беспрацоўным, якія заключылі дагавор аб перасяленні на новае месца жыхарства і працы, выплачваюцца грашовыя сродкі ў памеры сяміразовай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму (на 1.12.2018 г. – Br1499, 47). Дадаткова робіцца выплата беспрацоўным у памеры двухразовай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму пры перасяленні з гарадоў на новае месца жыхарства і працы ў малыя, сярэднія гарадскія паселішчы, у сельскую мясцовасць, а таксама гарады-спадарожнікі. У студзені-лістападзе на новае месца жыхарства і працы ў іншую мясцовасць пераехала 17 сем’яў беспрацоўных з выплатай грашовых сродкаў у памеры Br21, 6 тыс.

Стымуляванню працоўнай мабільнасці грамадзян спрыяе стварэнне новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў. У рэгіёнах прыярытэтнага прыцягнення працоўных рэсурсаў у студзені-верасні 2018 года працаўладкаваныя на зноў створаныя працоўныя месцы за кошт адкрыцця новых вытворчасцяў і прадпрыемстваў 663 чалавекі.

«Меры, што прымаюцца па садзейнічанні занятасці насельніцтва, стымуляванні працоўнай мабільнасці грамадзян, спрыяюць паляпшэнню сітуацыі з занятасцю насельніцтва вобласці, у тым ліку ў рэгіёнах прыярытэтнага прыцягнення працоўных рэсурсаў», – канстатавалі ў Камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая