Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці выяўлена больш за 260 парушэнняў пры падрыхтоўцы гаспадарак да пасяўной кампаніі

Органы пракуратуры Магілёўскай вобласці выявілі больш за 260 парушэнняў па выніках праверкі гатоўнасці гаспадарак АПК рэгіёна да пасяўной кампаніі 2018 года. Такая інфармацыя размешчана на сайце Генпракуратуры.

Было абследавана звыш 150 аб’ектаў. Выяўленыя парушэнні тычыліся выкарыстання сельгастэхнікі, абыходжання з насенным матэрыялам, захоўвання ўгнаенняў і сродкаў абароны раслін, выплаты заработнай платы, выканання іншых нормаў Заканадаўства аб працы. Пракуроры ўстанавілі недастатковыя тэмпы падрыхтоўкі тэхнікі да палявых работ. Пры гэтым усе раёны вобласці адставалі ад графікаў рамонту.

У прыватнасці, безадказнае стаўленне да захаванння ўласнасці прывяло да раскамплектавання тэхнікі ў Бялыніцкім раёне. Так, з 11 камбайнаў ААТ «Бялыніцкі РАПТС», пастаўленых на захоўванне пасля ўборачнай кампаніі ў канцы верасня 2017 года, знялі праводку. Памер выкрадзенага будзе вызначаны ў рамках расследавання крымінальнай справы. Паводле папярэдніх падлікаў, на аднаўленне камбайнаў спатрэбіцца не менш за Br19 тыс.

Гаспадаркі рэгіёна не ў поўным аб’ёме мелі пасяўны матэрыял і хімічныя сродкі абароны раслін. Запас насення шматгадовых траў сфарміраваны на 91% ад патрэбы, для правядзення сяўбы яравога назапашана 33% мінеральных угнаенняў. Пры гэтым у асобных арганізацыях у нездавальняльным стане знаходзіліся склады для захоўвання пасяўнога матэрыялу і мінеральных угнаенняў, тэрыторыі машынных двароў.

У адной з гаспадарак Слаўгарадскага раёна пры праверцы наяўнасці гаруча-змазачных матэрыялаў, запасных частак, фільтраў, алеяў і іншых пазіцый, неабходных для рамонту і абслугоўвання машынна-трактарнага парка, пракуроры выявілі парушэнні заканадаўства аб захаванні маёмасці. Па прычыне неналежнага ўліку ГЗМ работнікі пракуратуры пры ўдзеле загадчыцы склада і галоўнага інжынера зрабілі кантрольны замер дызельнага паліва ў гэтай гаспадарцы. Яго вынік – недахоп 133 л. Па гэтым факце пракурор Слаўгарадскага раёна даручыў мясцоваму РАУС праверыць, ці ёсць у дзеяннях службовых асоб прыкметы злачынства.

У I квартале 60 арганізацый АПК з 17 раёнаў вобласці затрымалі выплату заработнай платы.

Па выніках праверак пракуроры ўнеслі 29 прадстаўленняў, вынеслі 52 прадпісанні, 21 пастанову аб падрыхтоўцы справы аб адміністрацыйным правапарушэнні да разгляду, 5 пастаноў аб узбуджэнні дысцыплінарнай вытворчасці, 9 афіцыйных папярэджанняў, накіравалі 2 інфармацыйныя лісты ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Пракуратура Магілёўскай вобласці ўзяла на сябе кантроль за выкананнем актаў нагляду.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая