У Магілёўскай вобласці з 1 красавіка абмяжуюць лоўлю ўсіх відаў рыбы, паведаміў намеснік начальніка Магілёўскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргей Радкевіч.
Забарона звязана з нерастам. Працягнецца ён да 30 мая ўключна. У гэты час рыбачыць можна толькі адной вудай з адным кручком або адным спінінгам, абсталяваным штучнай прыманкай, з адным адзінарным, або падвойным, або патройным кручком у светлы час сутак з берага (без заходу ў ваду) альбо з лёду, са штучных збудаванняў. Ужыванне любых іншых прыладаў ці спосабаў лоўлі ў перыяд забароны кваліфікуецца як парушэнне і цягне накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь (1 БВ цяпер складае Br24,5).
Таксама за вылаўленую забароненым спосабам або прыладай рыбу парушальнік абавязаны пакрыць шкоду, якая ў дадзены перыяд вылічаецца ў трайным памеры. Прычыненне шкоды на суму 100 і больш базавых велічынь з’яўляецца падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы. На працягу ўсяго перыяду забароны нельга выкарыстоўваць маламерныя судны – не толькі для рыбалоўства, але і для іншых мэтаў.
Падчас нераставага абмежавання лоўлі рыбы ў мінулым годзе ў вобласці было выяўлена 137 парушальнікаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства. Канфіскавана 634 сеткі агульнай даўжынёй больш за 10 км. Незаконна здабыта 384 кг рыбы. Парушальнікам прад’яўлены іск на Вг785,9 тыс. Да крымінальнай адказнасці прыцягнута 27 чалавек.
З 20 сакавіка гэтыя абмежаванні пачалі дзейнічаць у рыбалоўных угоддзях Брэсцкай і Гомельскай абласцей (па 18 мая), у Мінскай і Гродзенскай абласцях, як і ў Магілёўскай вобласці, – з 1 красавіка. Пазней за ўсіх абмежаванне ўводзіцца ў Віцебскай вобласці – з 10 красавіка па 8 чэрвеня.
Тэрміны агульнага вясновага нераставага абмежавання перасякаюцца з лакальнымі нераставымі забаронамі, усталяванымі асобна на некаторыя віды рыбы: шчупака, судака, сома. Такую рыбу, злоўленую ў перыяд дзеяння лакальнай забароны, неабходна адпусціць назад у вадаём.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59