Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскай вобласці з пачатку імунізацыі прышчапіліся ад грыпу больш за 150 тыс. чалавек

У Магілёўскай вобласці з пачатку імунізацыі прышчапіліся ад грыпу больш за 150 тыс. чалавек. У іх ліку звыш 37 тыс. дзяцей, як паведамілі карэспандэнту сайта ва ўпраўленні аховы здароўя аблвыканкама.

Паводле слоў суразмоўцаў, кампанія па вакцынацыі супраць грыпу, старт якой быў дадзены ў верасні, працягваецца. Атрымаць прафілактычную дозу здароўя можна ў тэрытарыяльнай паліклініцы і на медпункце прадпрыемства.

У 2017 годзе для імунізацыі супраць грыпу будзе выкарыстоўвацца вакцына «Грыпол плюс» (Расія), «Інфлювак» (Нідэрланды) і «Ваксігрып» (Францыя). Усе супрацьгрыпозныя прэпараты, якія прымяняюцца ў Магілёўскай вобласці, зарэгістраваны Міністэрствам аховы здароўя Беларусі і маюць вопыт выкарыстання не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой. «Адзін з трох варыянтаў вірусаў грыпу, якія ўваходзяць у склад вакцыны ў бягучым годзе – новы. Гэта азначае, што ў эпідэмічным сезоне 2017-2018-га будзе цыркуляваць невядомы нашай імуннай сістэме вірус грыпу. І гэта яшчэ адзін аргумент на карысць вакцынацыі. Мы можам з дапамогай прышчэпкі пазнаёміць і падрыхтаваць да сустрэчы наш арганізм з гэтым варыянтам віруса грыпу», – падкрэслілі спецыялісты.

Як адзначылі спецыялісты, эфектыўная прафілактыка грыпу магчыма толькі шляхам масавай вакцынапрафілактыкі, якая дасць магчымасць стварыць больш высокую імунную праслойку насельніцтва. Яна з’яўляецца навукова абгрунтаванай, эканамічна мэтазгоднай і сацыяльна апраўданай стратэгіяй барацьбы з грыпам, – падкрэслілі яны. –Мэта вакцынацыі – не поўная ліквідацыя грыпу як інфекцыі, а зніжэнне захворвання і асабліва яго ўскладненняў, памяншэнне колькасці абвастрэнняў і абцяжарвання сардэчна-сасудзiстых, лёгачных захворванняў і іншай хранічнай паталогіі».

Вірусы грыпу мутуюць з году ў год, таму неабходна штогадовая вакцынацыя, каб прадухіліць хваробу. Лепш за ўсё прышчапляцца ў верасні-лістападзе, да пачатку сезоннага ўздыму захворвання на грып і ВРВІ. «На працягу 2-3 тыдняў пасля вакцынацыі сфарміруецца ахоўны ўзровень антыцелаў, які забяспечвае ахову ад захворвання на грып на працягу 6-12 месяцаў, затым антыцелы разбураюцца, – растлумачылі суразмоўцы. – Наколькі надзейная абарона выпрацуецца пасля імунізацыі, залежыць ад шматлікіх фактараў, у тым ліку ўзросту і стану здароўя пацыента, індывідуальных асаблівасцяў. Але ў сярэднім са 100 прышчэпленых 70-98 чалавек не захварэюць на грып. Калі ўсё ж гэта здарыцца, то захворванне будзе працякаць у лёгкай форме і без ускладненняў».

Увядзенне ў арганізм вакцыны не можа выклікаць захворванне, але шляхам выпрацоўкі ахоўных антыцелаў адбываецца стымуляванне імуннай сістэмы для барацьбы з інфекцыяй. «Вакцына супраць грыпу прызначана для абароны менавіта ад вірусаў грыпу, але ў той жа час прышчэпка дазваляе атрымаць яшчэ і крыжаваны імунітэт ад іншых вострых рэспіраторных інфекцый», – падкрэслілі спецыялісты.

Рэкамендуецца штогод прышчапляць ад грыпу групы рызыкі: людзей, старэйшых за 65 гадоў, дзяцей ад 6 месяцаў, пры наяўнасці хранічнай паталогіі – у любым узросце, а таксама школьнікаў і навучэнцаў ССНУ, медыцынскі персанал лячэбных устаноў, работнікаў транспарту, навучальных устаноў і сферы абслугоўвання і іншых людзей , якія маюць шматлікія вытворчыя кантакты.

«Асаблівую групу рызыкі складаюць цяжарныя жанчыны, асабліва ў другім і трэцім трыместрах цяжарнасці», – адзначылі суразмоўцы. Аналіз захворвання мінулых гадоў паказвае, што большая частка здаровых цяжарных жанчын з дыягназам грып мае патрэбу ў шпіталізацыі па прычыне цяжкага працякання захворвання і ўскладненняў. Таму Сусветная арганізацыя аховы здароўя і міністэрствы аховы здароўя розных краін свету настойліва рэкамендуюць усім цяжарным жанчынам прайсці вакцынацыю супраць сезоннага грыпу інактывіраванай (забітай) вакцынай.

Кожны шукае адказ на пытанне аб тым, ці патрэбна менавіта яму прышчэпка. «Шмат хто лічыць, што, прыйшоўшы дадому і зачыніўшы дзверы, можна надзейна адгарадзіцца ад усіх праблем, – сказалі суразмоўцы. – Мала хто задумваецца, што эпідэмія любога захворвання тычыцца кожнага. Вакцынацыя заўсёды была справай масавай, бо яна мае сэнс толькі тады, калі імунітэт супраць віруса ёсць у большай часткі насельніцтва. Такім чынам, узбуджальнік пазбаўляецца «асновы» для распаўсюджвання».

Упраўленне аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама рэкамендуе насельніцтву вобласці прыняць удзел у масавай вакцынацыі супраць грыпу. У цяперашні час захворванне на ВРІ знаходзіцца на ўзроўні, характэрным для бягучага каляндарнага тыдня, вірусы грыпу не цыркулююць, эпідэмічная сітуацыя з’яўляецца спрыяльнай для правядзення прафілактычных прышчэпак супраць грыпу.

У Магілёўскай вобласці плануецца прышчапіць ад грыпу каля 424 тыс. чалавек, што складае крыху больш за 40%. У тым ліку за кошт мясцовых бюджэтаў і асабістых сродкаў грамадзян – 19%, уласных сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый – 8%. Працоўнае насельніцтва вобласці плануецца прышчапіць за кошт усіх бюджэтаў на 50%.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая