Рус Бел Eng 中文

У Магілёўскім аблвыканкаме адбылася сустрэча дэпутатаў мясцовых Саветаў з групай міжнародных экспертаў па пытаннях практыкі прымянення смяротнага пакарання

У аблвыканкаме адбылася сустрэча прадстаўнікоў Магілёўскага абласнога і гарадскога Саветаў дэпутатаў пад кіраўніцтвам старшыні абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрыя Харытончыка з групай міжнародных экспертаў па пытаннях практыкі прымянення смяротнага пакарання.

У дыялогу прынялі ўдзел Пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб, прадстаўнік абшчыны Святога Эгідзія Алесандра Салаконе (Італія), дырэктар па пытаннях стратэгіі НДА «Міжнародная камісія супраць смяротнага пакарання» Раджыў Нараян (Іспанія), праграмны дырэктар НДА «Разам супраць смяротнага пакарання» Нікаля Перон (Францыя), старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Андрэй Навумовіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Дзмітрый Гобараў.

Адкрываючы мерапрыемства, Андрэй Навумовіч паведаміў, што аналагічныя сустрэчы прайшлі ў Брэсце і Гродна. «Мы не займаемся агітацыяй. Мы абмяркоўваем праблему, вельмі адчувальную для Беларусі, стараемся адказаць на пытанні, якія цікавяць насельніцтва, пачуць меркаванне людзей па дадзенай тэме. Практыка выезду ў рэгіёны будзе працягнута», – падкрэсліў ён.

Андрэй Навумовіч нагадаў, што ў 1996 годзе на рэферэндуме 80% грамадзян Беларусі выступалі за захаванне смяротнага пакарання, але гэты лічбавы матэрыял у цяперашні час значна паменшыўся. У прыватнасці, у маладых людзей, якія ў тыя гады былі дзецьмі, фарміруюцца свае погляды і адносіны да гэтага пытання. Таму сёння асаблівую актуальнасць набываюць інфармацыйныя сустрэчы са студэнтамі. У цэлым за апошнія 20 гадоў у Беларусізначна знізілася колькасць смяротных пакаранняў. Калі ў канцы 90-х было больш за 20 смяротных прысудаў у год, то на сённяшні дзень– адзін-два выпадкі. Гэта кажа аб станоўчай дынаміцы і выніковасці інфармацыйнай працы.

У сваю чаргу міжнародныя эксперты азнаёмілі ўдзельнікаў сустрэчы з замежным вопытам у дадзеным пытанні. Фіёна Гіб выказала надзею, што неўзабаве ў Беларусі будзе ўведзены мараторый на смяротнае пакаранне. На думку дыпламата, ён будзе спрыяць здаровай дыскусіі ў грамадстве па гэтай праблеме. «Мараторый на смяротнае пакаранне стане крокам да яе адмены. Калі гэта адбудзецца, не ведаю. Але гэта будзе правільным рашэннем», – падкрэсліла пасол Вялікабрытаніі.

Падчас сустрэчы шмат гаварылася аб тым, што пажыццёвае зняволенне, як альтэрнатыва смяротнага пакарання, – больш сур’ёзнае пакаранне для чалавека, якое дае яму магчымасць усвядоміць цяжар злачынства і раскаяцца. Акрамя таго, маюць месца судовыя памылкі, якія цягнуць пазбаўленне жыцця нявіннага чалавека. У той жа час гучалі аргументы ў абарону смяротнага пакарання як інструмента прафілактыкі асабліва цяжкіх злачынстваў. І ўсё ж удзельнікі дыскусіі сышліся ў меркаванні, што пытанне прымянення смяротнага пакарання шматбаковае, таму Беларусі як міралюбівай краіне трэба час, каб прыняць правільнае рашэнне.

Візіт экспертаў у Магілёўскую вобласць прадугледжваў не толькі сустрэчу з дэпутатамі мясцовых Саветаў. Госці таксама пабывалі ў Магілёўскім абласным судзе, сустрэліся са спецыялістамі ў сферы юрыспрудэнцыі. Завершыцца дзень дыялогам са студэнтамі і выкладчыкамі УА «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая