Рус Бел Eng 中文

У Магілёве абвясцілі пераможцаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Энергамарафон-2017»

У Магілёве абвясцілі пераможцаў абласнога этапу ХI рэспубліканскага конкурсу праектаў устаноў адукацыі па эканоміі і беражлівасці «Энергамарафон-2017». Урачыстая цырымонія ўзнагароджання адбылася ў Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі.

На рэгіянальны тур было прадстаўлена больш за 500 работ з усіх раёнаў Магілёўшчыны. Найбольш ярка і крэатыўна паказалі сябе навучальныя ўстановы Дрыбінскага, Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Крычаўскага, Магілёўскага, Асіповіцкага, Чэрыкаўскага раёнаў, Магілёва і Бабруйска. З устаноў прафесійнай адукацыі – эканамічны, тэхналагічны, політэхнічны, Клічаўскі аграрна-тэхнічны каледж, Магілёўскі дзяржаўны ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга прафесійны агралесатэхнічны каледж імя К. П. Арлоўскага.

Работы ацэньвала журы ў складзе прадстаўнікоў упраўлення адукацыі аблвыканкама, Магілёўскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў, абласнога цэнтра творчасці, Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

У выніку ў намінацыі «Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні» найлепшай стала работа «Дуатэрмаген», якую падрыхтавалі Ягор Хітрыкаў, Раман Карабейнікаў (СШ №21 Магілёва) і Даніэла Бардзілоўская (Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй №3). Калектыў навучэнцаў гімназіі №2 Бабруйска павёз узнагароду ў катэгорыі «Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў». У намінацыі «Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў» журы выбрала пераможцаў у пяці паднамінаціях. Так, найлепшы «Відэаролік» падрыхтаваў Аляксей Крупінскі (Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж), «Улётка» – Лізавета Праявіна (Макранскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа), «Плакат» – Кірыла Русецкі (СШ №26 Магілёва) , «Малюнак» – Яўгенія Камарова (Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж). Праект «Экскурсія ў школу будучыні», падрыхтаваны навучэнцамі СШ №8 горада Крычава, святкаваў вікторыю ў намінацыі «Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыi».

Пераможцы ў кожнай намінацыі прадставяць Магілёўскую вобласць у фінале рэспубліканскага конкурсу «Энергамарафон-2017» у Мінску.

Рэспубліканскі конкурс праектаў па эканоміі і беражлівасці «Энергамарафон» праходзіць у Беларусі з 2007 года. Ён праводзіцца дэпартаментам па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі сумесна з Міністэрствам адукацыі. Мэта спаборніцтва – фарміраванне ў падрастаючага пакалення актыўнай грамадзянскай пазіцыі шляхам рэалізацыі сацыяльна значных праектаў па энергазберагальных тэхналогіях, усвядомленых адносін да энергарэсурсаў, прапаганды метадаў эканоміі энергіі.

Фота - упраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая