Рус Бел Eng 中文

У Магілёве ўстановяць камеры па фіксацыі амаль усіх парушэнняў ПДР

У Магілёве у 2018 годзе ўсталююць камеры, якія фіксуюць амаль усе парушэнні правілаў дарожнага руху. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік УДАІ УУС аблвыканкама Міхаіл Неўмяржыцкі.

Гэта будзе новы комплекс абсталявання, які дазволіць фіксаваць парушэнні хуткаснага рэжыму, перасячэнне суцэльнай лініі разметкі, праезд на чырвонае святло, парушэнні правілаў манеўравання, спынення і стаянкі, рух без прышпіленых рамянёў бяспекі.

«Акрамя таго, новае абсталяванне дапаможа ў вышуку сагнаных і выкрадзеных аўтамабіляў, раскрыцці злачынстваў, паколькі будзе звязана з агульнай базай дадзеных аб правапарушальніках, апрацоўваць і перадаваць аператыўна ўсю інфармацыю ў цэнтр кіравання», – заўважыў Міхаіл Неўмяржыцкі.

Першыя камеры ўстановяць у бліжэйшы час на самым ажыўленым скрыжаванні абласнога цэнтра – на скрыжаванні вул. Першамайскай і пр. Міру (побач з плошчай Леніна). «У залежнасці ад эфектыўнасці новага абсталявання будзе прынята рашэнне аб мэтазгоднасці яго прымянення і працягу працы ў гэтым напрамку», – сказаў начальнік УДАІ.

Акрамя таго, у Магілёўскай вобласці у 2018 годзе плануюць устанавіць асвятленне на ўсіх нерэгулюемых пешаходных пераходах.

Паводле слоў Міхаіла Неўмяржыцкага, пешаходны траўматызм з’яўляецца па-ранейшаму найбольш распаўсюджаным сярод ДТЗ. Наезды на пешаходаў у 2017 годзе склалі 35% ад агульнай колькасці здарэнняў. У іх загінула 30 і атрымалі траўмы 132 пешаходы. «Большасць наездаў на пешаходаў адбываецца ў цёмны час сутак, таму абсталяванне асвятленнем пешаходных пераходаў дапаможа знізіць колькасць ДТЗ з удзелам пешаходаў, траўматызм і гібель людзей», – сказаў Міхаіл Неўмяржыцкі.

У вобласці застаюцца неасветленымі 40 нерэгулюемых пешаходных пераходаў. Абсталяваць асвятленнем іх плануецца за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў. «Мы таксама рэкамендавалі пры наяўнасці фінансавых сродкаў і там, дзе гэта мэтазгодна, усталяваць на пешаходных пераходах дадатковае асвятленне», – адзначыў начальнік ДАІ УУС аблвыканкама.

Ён падкрэсліў, што ў рэгіёне ўзмоцнена ўвага супрацоўнікаў ДАІ да пешаходаў і выканання імі правілаў перасячэння праезнай часткі. Толькі ў мінулым годзе прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці больш за 40 тыс. пешаходаў. У гэтым напрамку ўзмоцнена і прафілактычная праца, у тым ліку з вадзіцелямі транспартных сродкаў, якія парушаюць правілы праезду пешаходных пераходаў.

З мэтай павышэння ўзроўню бяспекі дарожнага руху на пешаходных пераходах у 2017 годзе па ініцыятыве Дзяржаўтаінспекцыі ў вобласці ўстаноўлены 62 штучныя няроўнасці паблізу ад нерэгуляваных пешаходных пераходаў, на 48 пешаходных пераходах праведзена замена дарожных знакаў на аналагічныя знакі павышанай бачнасці, праведзена абнаўленне дарожнай разметкі. У Магілёве ўстаноўлена 20 штучных няроўнасцяў, дэмантавана 7 пешаходных пераходаў, а таксама запланаваны ў бягучым годзе дэмантаж яшчэ 6 пешаходных пераходаў.

«Гаворачы аб небяспечных пешаходных пераходах, можна сказаць, што любы выхад пешахода на праезжую частку, няхай гэта будзе на нерэгуляваным пешаходным пераходзе ці святлафоры, нясе ў сабе небяспеку. І калі пешаход будзе праяўляць уважлівасць і пільнасць пры пераходзе праезнай часткі, пазначыць сябе флікерам, то практычна цалкам выключаецца верагоднасць траплення ў ДТЗ. У той жа час, калі пешаход будзе гаварыць па мабільным тэлефоне, надзене капюшон і выйдзе на праезжую частку, не пераканаўшыся ў бяспецы, верагоднасць стаць удзельнікам ДТЗ узрастае ў некалькі разоў», – падкрэсліў Міхаіл Неўмяржыцкі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая