Рус Бел Eng 中文

У працы з моладдзю важны дыялог і індывідуальны падыход – галоўны ідэолаг Магілёўскай вобласці

У працы з моладдзю важны дыялог і суправаджэнне канкрэтнага маладога чалавека на ўсіх узроўнях, індывідуальны падыход у вырашэнні яго праблем. На гэта звярнула ўвагу начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Кацярына Музычэнка, выступаючы сёння на Форуме моладзі Бранскай і Магілёўскай абласцей.

На этапе жыццёвага старту моладзь часта адчувае цяжкасці з пошукам працы. Не менш востра стаяць жыллёвыя і матэрыяльныя пытанні. Улічваючы гэта, у Магілёўскай вобласці арганізавана мэтанакіраванае ўзаемадзеянне з маладымі спецыялістамі, адзначыла Кацярына Музычэнка. Так, выпускнікам дзяржаўных устаноў адукацыі пры навучанні за кошт бюджэтных сродкаў гарантавана першае працоўнае месца, дзейнічае браніраванне працоўных месцаў для хлопцаў і дзяўчат ва ўзросце да 21 года, якiя ўпершыню шукаюць працу. Моладзь мае пераважнае права пры арганізацыі навучання па накіраванні органаў па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, працаўладкаванне на субсідаваныя часовыя працоўныя месцы для атрымання навыкаў практычнай працы. Важная роля тут адводзіцца і працоўным калектывам рэгіёна. Гарантам рэалізацыі права на працу з’яўляюцца калектыўныя дагаворы, якія дзейнічаюць практычна на ўсіх прадпрыемствах вобласці, дзе прадугледжаны меры па сацыяльнай падтрымцы маладых супрацоўнікаў, замацаванні іх на працоўных месцах і прадастаўленні ім жылля.

Гэтыя меры паступова прыносяць станоўчы вынік. Вырас працэнт замацавання маладых спецыялістаў. Напрыклад, у сельскай гаспадарцы ён складае каля 60%. Прычыны простыя: маладым людзям з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, прынятым на працу прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу, на працягу двух гадоў з дня заключэння працоўнага дагавора (кантракта) устаноўлены штомесячныя даплаты ў двухразовым памеры тарыфнай стаўкі першага разраду, а тым, хто працягвае працаваць на працягу наступных трох гадоў – у трохразовым памеры тарыфнай стаўкі. У шэрагу арганізацый моладзі вылучаюць крэдыты на набыццё прадметаў першай неабходнасці, аказваюць дапамогу ў развіцці асабістай дапаможнай гаспадаркі і інш.

Паводле слоў Кацярыны Музычэнка, адной з самых актуальных формаў работы з’яўляецца часовая працоўная занятасць вучняў у вольны ад вучобы час. Гэтым летам для байцоў студатрадаў прадпрыемствы вобласці падалі каля 3 тыс. працоўных месцаў. У складзе міжнароднага атрада наша моладзь разам з юнакамі са Смаленска і Разані працавала на будаўніцтве новага корпуса Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Актыўна дзейнічалі і валанцёрскія атрады.

Сучасныя тэндэнцыі такія, што ўсё больш маладых людзей зацікаўлена ў адкрыцці сваёй справы, падкрэсліла галоўны ідэолаг Магілёўскай вобласці. У дадзеным напрамку ў рэгіёне актыўна працуе 10 цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва і 5 інкубатараў малога прадпрымальніцтва. У гэтым годзе яны аказалі інфармацыйную, кансультацыйную і метадычную дапамогу 5,8 тыс. чалавек, большасць з якіх – моладзь. Спрашчаюць працэдуру адкрыцця і рэгістрацыі сваёй справы шэраг нарматыўна-прававых актаў, прынятых на дзяржаўным узроўні. Напрыклад, пашыраны пералік відаў дзейнасці з выплатай толькі адзінага падатку без рэгістрацыі ў якасці ІП.

Моладзь Магілёўшчыны смела бярэцца за складаныя задачы і дасягае адчувальных вынікаў у самых розных галінах – навуцы, IT-тэхналогіях, прамысловасці, творчасці і спорце, рэалізуе сацыяльныя праекты і арганізуе свой бізнес, адзначыла Кацярына Музычэнка. Напрыклад, у Беларуска-Расійскім універсітэце функцыянуе студэнцкае канструктарскае бюро, якое створана з мэтай актыўнага прыцягнення студэнтаў да навукова-тэхнiчных распрацовак і даследаванняў. На базе ВНУ тры гады запар праходзіць Магілёўскі фестываль навукі.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама дадала, што больш за 600 хлопчыкаў і дзяўчынак ўключаны ў перспектыўны кадравы рэзерв гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў.

«Праца з моладдзю, падрыхтоўка новай змены – гэта актуальная неабходнасць ва ўсе часы. Моладзь трэба чуць, падтрымліваць і накіроўваць, а для гэтага з ёй трэба весці пастаянны дыялог, з ёй трэба працаваць», – канстатавала Кацярына Музычэнка.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая