Сёння, 28 лістапада, у праваслаўных вернікаў пачынаецца Калядны пост.
Калядны пост – адзін з чатырох шматдзённых пастоў, які рыхтуе вернікаў да светлага свята Божага Нараджэння. Ён менш строгі, чым Вялікі і Успенскі пасты. Пачынаецца 28 лістапада і доўжыцца сорак дзён да 6 студзеня ўключна.
Калядны пост таксама называюць Піліпавым, паколькі загавенне (апошні дзень перад постам, калі можна ўжываць прадукты жывёльнага паходжання) прыпадае на дзень памяці святога апостала Піліпа. Галоўнай мэтай посту, які папярэднічае вялікаму хрысціянскаму святу нараджэння Госпада Ісуса Хрыста (7 студзеня), зяўляецца духоўнае ачышчэнне чалавека праз пакаянне і малітву. Божае Нараджэнне – адна з найвялікшых падзей Свяшчэннай гісторыі, асаблівае свята. Каб зразумець, адчуць гэта, неабходна адхіліцца па магчымасці ад усяго жыццёвага і мітуслівага. Да духоўнай урачыстасці неабходна падрыхтавацца. І такой падрыхтоўкай становіцца пост – час устрымання ў ежы, аддалення ад забаў, зямных задавальненняў, час пакаяння.
Дзякуючы посту, вызваляюцца сілы для зносін з Богам. Пост цялесны без посту духоўнага не набліжае нас да выратавання. Без малітвы і пакаяння пост становіцца ўсяго толькі дыетай. Свяціцель Іаан Златавуст гаварыў пра пост: «Памыляецца той, хто лічыць, што пост толькі ўстрыманне ад ежы. Сапраўдны пост ёсць выдаленне зла, утаймаванне языка, адмаўленне ад гневу, спыненне паклёпу, хлусні і клятвапарушэння. Хто пасціўся, ведае, як пост утаймоўвае жаданні. А тыя, каму здаралася выпрабаваць гэта на справе, пацвердзяць, што ён змякчае нораў, душыць гнеў, стрымлівае парывы сэрца, бадзёрыць розум, прыносіць спакой душы, палягчае цела, ухіляе ад няўстрыманасці».
Па традыцыі ў Калядны пост па аўторках, чацвяргах, суботах і нядзелях можна прымаць ежу з раслінным алеем. Стравы з рыбы дазволены па суботах і нядзелях, а яшчэ – па вялікіх і храмавых святах і ў дні вялікіх святых, калі яны прыпадаюць на аўторак або чацвер. З 2 студзеня па 6 студзеня пост узмацняецца, а шостага прынята не есці нічога да першай зоркі.
Пры гэтым царква падкрэслівае, што абмежаванне ў ежы – гэта не нейкае табу і не самамэта. Гэта толькі спосаб, які дапамагае чалавеку пазбавіцца ад пачуццёвых прыхільнасцяў, сканцэнтравацца на духоўным. Цялеснае ўстрыманне не прынясе карысці, калі не будзе спалучацца з малітвай і ўнутранай канцэнтрацыяй. Пры гэтым царква дазваляе паслабленні для хворых, цяжарных жанчын і дзяцей, людзей, занятых цяжкай фізічнай працай. Наогул выключна строга трымаюць пост манахі, а свецкія выконваюць яго, параіўшыся з духоўнікам, і з улікам свайго здароўя.
У дні поста верніку рэкамендуецца адмовіцца ад наведвання забаўляльных устаноў, прагляду забаўляльных фільмаў і тэлепраграм, бескарысных размоў, анекдотаў. Акрамя таго, не варта забываць і пра дабрачыннасці.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59