У праваслаўных вернікаў сёння пачынаецца Успенскі пост
Успенскі – апошні са шматдзённых пастоў у годзе. Ён самы кароткі з усіх пастоў і доўжыцца ўсяго два тыдні – з 14 па 27 жніўня. Пачынаецца Успенскі пост бурштынавым мядовым Спасам (першым з трох летніх святаў, прысвечаных Збавіцелю) і заканчваецца святам Успення Божай Маці.
Гэты пост не так строгі, як Вялікі, але больш строгі, чым Пятроў і Калядны пасты. У панядзелак, сераду і пятніцу царкоўны статут прадпісвае «сухаядзенне» (хлеб, вада, садавіна, варэнне, гародніна, кампот), у аўторак і чацвер – вараную ежу, але без алею. Забараняецца ўжываць усе прадукты жывёльнага паходжання, у тым ліку рыбу. Рыба дазваляецца толькі ў дзень свята Праабражэння Гасподняга 19 жніўня. Па царкоўным статуце раслінны алей можна ўжываць у суботу, нядзелю, а таксама ў святочныя дні. Нягледзячы на строгасць, Успенскі пост здаўна лічыўся самым прыемным і лёгкім, таму што аснову нішчымнага стала складаюць маладая бульба, грыбы і спелыя ў гэту пару гародніна і садавіна.
Успенскі пост устаноўлены ў памяць аб Божай Маці, якая правяла сваё жыццё ў пасце і малітве. Па царкоўным паданні Багародзіца даведалася пра час свайго пераходу з гэтага свету, яна рыхтавалася да гэтай падзеі пастом і ўзмоцненай малітвай, хоць і не мела патрэбы ў ачышчэнні душы або выпраўленні: усё яе жыццё было ўзорам святасці і ахвярнасці. Праваслаўныя посцяцца, пераймаючы подзвіг прасвятой Багародзіцы, жадаючы хоць бы збольшага прыпадобніцца яе чысціні, усхваляючы яе.
Успенскі пост, як і любы іншы, мае сваёй мэтай узмацненне духоўнага жыцця. Пост абавязкова павінен спалучацца з малітвай, пакаяннем, здзяйсненнем добрых спраў міласэрнасці, барацьбой з грахоўнымі страсцямі і звычкамі.
Пачатак посту супадае са святам у гонар Крыжа Гасподняга. Гэтае свята зарадзілася ў дзявятым стагоддзі ў Канстанцінопалі. У жніўні ў тых краях часта бывалі эпідэміі, таму і прынята было ў самым пачатку месяца (1 жніўня па старым стылі) праходзіць па ўсім горадзе хрэсным ходам з галоўнай святыняй хрысціянскага свету – з Крыжом Гасподнім.
У царкоўным календары гэта свята адзначана як Паходжанне (знясенне) чэсных дрэваў Жыватворчага Крыжа Гасподняга. Свята суправаджаецца вынасам крыжа, хрэсным ходам і ўрачыстым вадасвяццем рэк, азёр, вадаёмаў. Таму ў народзе гэтае свята называюць яшчэ мокрым Спасам.
Першы Спас у некаторых месцах называюць мядовым. Гэты дзень – свята пчаляроў, калі пчаляры-пасечнікі заломваюць у вуллях першыя мядовыя соты. «На першы Спас заламвай соты, на першы Спас і жабрак мёду пакаштуе», – кажуць у народзе. Сяляне лічылі, што з гэтага дня пчолы перастаюць выпрацоўваць мёд. Першыя соты звычайна неслі ў царкву: не толькі на асвячэнне, але яшчэ і «на памін бацькоў».
З першага Спаса пачынаўся, як правіла, пасеў азімых хлябоў: «Першы Спас – першы пасеў», – казалі нашы продкі і абавязкова прыносілі ў царкву пасяўное насенне, а палі перад сяўбой акраплялі святой вадой святары. Асвячалі таксама і студні. Жывыя такія народныя прыкметы: «з першага Спаса адцвітаюць ружы, падаюць добрыя росы», «на мокры Спас коней купаюць, а пчолы перастаюць насіць мядовы ўзятак».
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59