Удзельнікаў з 13 рэгіёнаў Беларусі і Расіі сабраў у горадзе на Дняпры фестываль творчасці інвалідаў Саюзнай дзяржавы «Разам мы зможам больш», адкрыццё якога адбылося 22 лістапада ў канцэртнай зале «Магілёў».

Словы падзякі ў адрас арганізатараў форуму выказаў саветнік Прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы ў горадзе Мінску Андрэй Брыгадзін. Ён падзяліўся ўражаннямі ад выставы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якая дала старт фестывалю. «Ехаў сюды і злавіў сябе на думцы: калі быў зусім маленькім, любіў закрываць вочы, каб паспрабаваць, як гэта – прайсці ў цемры па кватэры. Разумеў, што зрабіць гэтага не магу, і ўнутры станавілася па-дзіцячаму страшна, – расказаў Андрэй Брыгадзін. – Але, апынуўшыся тут, сярод тых, хто, у адрозненне ад мяне, выдатна спявае, малюе, танчыць, зразумеў: няма ніякіх абмежаваных магчымасцяў, яны бязмежныя».

Андрэй Брыгадзін у працяг свайго выступлення зачытаў зварот дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Рыгора Рапоты да ўдзельнікаў і арганізатараў форуму. У ім, у прыватнасці, адзначалася, што фестываль, які праходзіць ужо восьмы раз, – знакавая падзея ў календары Саюзнай дзяржавы. Мерапрыемства выконвае не толькі культурную, але і сацыяльную функцыю, паколькі дорыць магчымасць паўнавартасных зносін. Менавіта на форуме завязваецца сяброўства, і людзі з розных рэгіёнаў Беларусі і Расіі, пазнаёміўшыся на фэсце, працягваюць зносіны і пасля яго завяршэння. Гэта важна, таму што ў фестывалі бяруць удзел тыя, хто праз розныя жыццёвыя абставіны абмежаваны па фізічных магчымасцях, але пры гэтым вельмі хоча дзейнічаць і адчуваць сябе патрэбным іншым. «Форум з’яўляецца пераканаўчым прыкладам духоўнага і фізічнага самаўдасканалення, мужнага пераадолення цяжкасцяў, нязломнай чалавечай волі. Менавіта на такіх мерапрыемствах ўсе мы бачым, як сціраюцца надуманыя шмат у чым бар’еры паміж нібы здаровымі людзьмі і людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. На самай справе мы жывём разам, у адным свеце і разам можам больш», –гаварылася ў звароце.

Начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Васіль Чэрнік таксама агучыў прывітальны адрас, падпісаны Міністрам культуры Беларусі Ігарам Бондарам. У дакуменце было адзначана, што форум яшчэ раз даказвае: чалавек валодае сапраўды каласальным патэнцыялам. Кожнае выступленне на фэсце – гэта велізарная праца, напружанне. «Упэўнены, што фестываль дасць магчымасць праявіць не толькі творчыя здольнасці і прыгажосць душы яго ўдзельнікаў, ён аб’яднае ўсіх, каму неабыякавыя лёсы людзей, якія маюць патрэбу ў падтрымцы», – было адзначана ў віншаванні.

Спецыяліст-эксперт Дэпартамента дзяржаўнай падтрымкі мастацтва і народнай творчасці Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, кандыдат мастацтвазнаўства Галіна Марахтанава звярнула ўвагу на тое, што фестываль творчасці інвалідаў Саюзнай дзяржавы – сапраўднае свята міру і дабрыні. Яна зачытала прывітанне ад імя Міністра культуры Расіі Уладзіміра Мядынскага. «Народы нашых краін звязаны не толькі моцнымі гістарычнымі і роднаснымі сувяззямі, але і агульнымі ўяўленнямі аб узаемнай падтрымцы, добрых міжчалавечых адносінах. Гэты культурны форум, што праходзіць на гасціннай беларускай зямлі, – яркая, самабытная, неардынарная падзея, якая прадастаўляе выканаўцам магчымасць заявіць пра сябе, прадэманстраваць майстэрства, раскрыць талент. Таму я шчыра ўпэўнены: прызнанне артыстаў з боку гледачоў стане дадатковым стымулам да іх творчасці», – гаварылася ў дакуменце.

У сваю чаргу, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Алег Пішчанка выказаў упэўненасць, што людзі з бязмежнымі творчымі магчымасцямі змогуць на гасціннай беларускай зямлі рэалізаваць свой патэнцыял на самым высокім узроўні. Ён таксама агучыў прывітальны адрас ад імя старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага. «Асноўная задача фестывалю – падтрымка і развіццё творчых здольнасцяў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, бо абмежаванні па здароўі – не перашкода для дасягнення таленавітымі і мэтанакіраванымі асобамі высокіх вынікаў, іх паўнавартаснага ўдзелу ў жыцці грамадства», – было адзначана ў дакуменце.







Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59