Рус Бел Eng 中文

Удзельнікі Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі закладуць пад Магілёвам алею

Прысады з ліп закладуць пад Магілёвам удзельнікі V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Пра гэта паведаміў сёння на аператыўнай нарадзе ў Магілёўскім гарвыканкаме яго старшыня Уладзімір Цумараў.

На алеі рэгіёнаў Беларусі і Расіі, якая сімвалізуе дынамічнае развіццё супрацоўніцтва і сяброўства двух брацкіх народаў, будзе 35-40 дрэў, створаць яе на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле». На ўваходзе ў алею каля мемарыяльнай капліцы, пабудаванай у гонар воінаў і народных апалчэнцаў, якія загінулі пры абароне Магілёва ў 1941 годзе, установяць памятны знак з назвай і датай закладкі новага аб’екта. Каля кожнага дрэва размесцяць таблічкі з указаннем рэгіёна, прадстаўнікі якога пасадзілі дрэва.

«Буйніцкае поле для гэтай акцыі выбрана невыпадкова. Бо менавіта тут, на полі салдацкай славы, бок аб бок змагаліся беларусы і расіяне, абараняючы Радзіму, праявіўшы незвычайную мужнасць і гераізм. 23 дні працягвалася ўпартая абарона Магілёва, якую апеў у сваіх творах вядомы пісьменнік Канстанцін Сіманаў, прах якога па яго ж завяшчанні развеяны на Буйніцкім полі», – адзначылі ў гарвыканкаме.

Паводле слоў дырэктара прадпрыемства «Магілёўзелянбуд» Пятра Аляксейчыкава, дрэвы ужо падабраны і гатовы да высаджвання. Гэта маладыя ліпы з дыяметрам ствала 5-6 см. Высадка алеі пачнецца ад мемарыяльнай капліцы і працягнецца ў бок вёскі Буйнічы. Гэта будзе трэцяя памятная алея на полі ратнай славы. Першая – у гонар абаронцаў Магілёва – была закладзена 17 красавіка 2004 года, другая – у гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі – 18 красавіка 2015 года.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая