Рус Бел Eng 中文

Упраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама стала ўладальнікам Гран-пры рэспубліканскага фестывалю «АРТ-вакацыі»

Упраўленне адукацыі Магілёўскага аблвыканкама стала ўладальнікам Гран-пры рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцкай і студэнцкай моладзі «АРТ-вакацыі» за высокі ўзровень арганізацыі абласнога этапу і ўкараненне інавацыйных падыходаў да правядзення мерапрыемстваў форуму. Ушанаванне адбылося сёння ў абласным Цэнтры творчасці Магілёва ў рамках рэспубліканскага свята «Моладзь і творчасць – гісторыя будучыні».

Акрамя таго, Гран-пры за эфектыўную дзейнасць па мастацка-эстэтычным выхаванні, захаванні традыцый аматарскай творчасці і ўкараненне інавацыйных форм работы з моладдзю атрымаў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Аналагічную ўзнагароду за эфектыўнае ўкараненне інавацыйных тэхналогій эстэтычнага выхавання, развіццё масавых формаў мастацкай творчасці, выяўленне і падтрымку моладзевых ініцыятыў ўручылі Гомельскаму дзяржаўнаму медыцынскаму ўніверсітэту. Тэатр танца «Рэнесанс данс» Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта (кіраўнік Яніна Місевіч) заслужыў Гран-пры за шматгадовую выніковую дзейнасць, вялікі ўклад у мастацка-эстэтычнае выхаванне моладзі, эфектыўнае ўкараненне інавацыйных формаў і развіццё сучасных масавых напрамкаў маладзёжнай творчасці. Начальнік аддзела культурна-масавай і дзейнасці і дзейнасці па арганізацыі вольнага часу ўпраўлення выхаваўчай працы з моладдзю Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алена Стэльмах атрымала Гран-пры за шматгадовую выніковую працу па выяўленні, падтрымцы і развіцці моладзевых творчых ініцыятыў, эфектыўную дзейнасць па папулярызацыі дасягненняў аматарскай творчасці ў моладзевым асяроддзі.

Паядынак мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў устаноў вышэйшай адукацыі пад назвай «АРТ-вакацыі» праводзіцца ў нашай краіне не першы год. Гэта лавіна ідэй, усплёск эмоцый, сапраўдны форум талентаў. Сёння падчас гала-канцэрта студэнты беларускіх ВНУ (пераможцы і прызёры фестывалю) прадставілі на сцэне свае варыяцыі на тэму «Моладзь і творчасць – гісторыя будучыні». Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі міністр адукацыі Ігар Карпенка, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, заслужаная артыстка Беларусі, старшыня журы «АРТ-вакацый» Ірына Дарафеева, рэктары і прарэктары ВНУ, члены аблвыканкама, кіраўнікі яго структурных падраздзяленняў.

«Фармат рэспубліканскага фестывалю «АРТ-вакацыі» штогод змяняецца і ўзбагачаецца, – адзначыў, адкрываючы гала-канцэрт, Ігар Карпенка. – Форум становіцца своеасаблівым пунктам адліку для новага ў маладзёжнай творчасці. Паказчыкам эфектыўнасці працы калектываў стала стварэнне новых мастацкіх праграм, удасканаленне прафесійнага майстэрства выканаўцаў, адкрыццё новых талентаў».

Міністр адукацыі падкрэсліў, што калектывы-пераможцы рэспубліканскага фестывалю ўжо заваявалі прэстыжныя сцэнічныя пляцоўкі нашай краіны, блізкага і далёкага замежжа. Фіналу фэсту ў 2018 годзе папярэднічала вялікая праца. Праведзены агляды-конкурсы, дні маладзёжнай творчасці, арт-марафоны, міжвузаўскія мерапрыемствы. 267 калектываў, у тым ліку 49, якія маюць званне «народны аматарскі» і «заслужаны аматарскі», 217 індывідуальных выканаўцаў з 42 устаноў вышэйшай адукацыі прадставілі творчыя нумары ў інструментальным, вакальна-харавым, харэаграфічным, тэатральным і фальклорным жанрах. 4 тыс. студэнтаў выступілі з канцэртнымі праграмамі на сцэнічных пляцоўках універсітэтаў, прадэманстравалі майстэрства аднагодкам і будучым абітурыентам сваіх навучальных устаноў. Гледачамі «АРТ-вакацый», яго мерапрыемстваў у Мінску і абласцях сталі тысячы людзей.

«Сёння на сцэне маладзёжнай сталіцы Беларусі мы бачым найлепшых з найлепшых – пераможцаў і прызёраў рэспубліканскага фестывалю, – канстатаваў Ігар Карпенка. – Мы падтрымліваем кіраўнікоў калектываў у іх педагагічных і творчых пошуках, высока цэнім здольнасці кожнага студэнта, ганарымся і пакланяемся іх таленту і мэтанакіраванасці».

Міністр адукацыі пажадаў творчай моладзі новых крэатыўных ідэй, смелых рашэнняў, увасаблення іх у канкрэтных праектах і сцэнічных пастаноўках.

  

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая