Урачыстасці, прысвечаныя памяці свяціцеля Георгія Каніскага, архіепіскапа Магілёўскага і Беларускага, пройдуць у Магілёве 6 жніўня.
У памяць пра выдатнага філосафа і багаслова ў Спаса-Праабражэнскім кафедральным саборы адбудзецца Боская літургія, якую ўзначаліць мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
У 11.00 адбудзецца хрэсны ход са Свята-Мікольскага манастыра да дому Каніскага, дзе будзе адслужаны малебен (каля 12.00).
Напярэдадні мерапрыемстваў, увечары 5 жніўня, архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній узначаліць святочную ўсяночную ў Свята-Мікольскім жаночым манастыры горада Магілёва. Пачатак набажэнства – у 17.00.
Архіепіскап Георгій, у свеце – Рыгор Іосіфавіч Каніскі, нарадзіўся ў 1717 годзе ў Чарнігаўскай губерні. Пасля заканчэння «з особенною пахвалою» Кіева-Магілянскай акадэміі выкладаў у ёй тэалогію, быў прафесарам, а затым і рэктарам. У жніўні 1744 года ў Кіева-Пячэрскай Лаўры Каніскі пастрыжаны ў манаства.
Праз 10 гадоў па патрабаванні імператрыцы Лізаветы Пятроўны яго прызначылі беларускім епіскапам, а ў 1783 годзе Георгій Каніскі стаў архіепіскапам магілёўскім, членам Святога Сінода. Дзякуючы яму Беларуская епархія заставалася адзінай праваслаўнай епархіяй у межах польскай дзяржавы.
Свяціцель Георгій дабудаваў і асвяціў Магілёўскі кафедральны Спаскі сабор, пры ім узведзены каменныя будынкі архірэйскага дома і кансісторыя. Ён быў ініцыятарам адкрыцця Магілёўскай духоўнай семінарыі. На свае сродкі ў прыгарадзе Магілёва Пячэрск пабудаваў царкву святога вялікапакутніка Георгія Перамаганосца.
Свяціцель Георгій пісаў вершы, першым у Кіеве выклаў багаслоўе ў сістэматычным парадку і, па водзыве мітрапаліта Макарыя Булгакава, «бясспрэчна пераўзышоў усіх сваіх папярэднікаў і пераемнікаў». Свае ідэі Георгій Каніскі выказваў у публічных прамовах i царкоўных пропаведзях. Ім складзена каля 80 прамоваў і пропаведзяў, якія вылучаліся шчырасцю і прастатой. Самай вядомай з іх стала вітальная прамова «Пакінем астраномам...», з якой ён выступіў у Мсціславе ў гонар імператрыцы Кацярыны II падчас яе падарожжа ў 1787 годзе.
Георгій Каніскі памёр у 1795 годзе. Пасля яго скону, праз 17 гадоў, была засведчана нятленнасць яго мошчаў. У 1993 годзе ён быў кананізаваны Праваслаўнай царквой і далучаны да ліку святых зямлі беларускай.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59