Рус Бел Eng 中文

Узровень вады ў Чыгірынскім вадасховішчы панізяць на паўметра з-за рамонту дамбы ГЭС

Узровень вады ў Чыгірынскім вадасховішчы ў жніўні панізяць на паўметра з-за рамонту дамбы каля мясцовай гідраэлектрастанцыі ў в. Чыгірынка Кіраўскага раёна. Пра гэта паведаміў галоўны інжынер Бабруйскіх электрычных сетак (філіял РУП «Магілёўэнерга») Ігар Страх.

Спецыялісты Бабруйскіх электрасетак, на балансе якіх знаходзіцца ГЭС, ужо прыступілі да рэалізацыі праекта па рэканструкцыі і мадэрнізацыі ГЭС. Заменены дах будынка ГЭС, у бліжэйшы час плануецца ўстанавіць новы механізм пад'ёмных засавак і замяніць ушчыльнікі. У жніўні будзе адрамантавана і ўмацавана сама вадазліўная плаціна (дамба) на тэрыторыі ГЭС. З-за доўгай эксплуатацыі пад напорам вады ў некалькіх месцах адбылося разбурэнне бетоннай надбудовы, што можа прывесці да развіцця аварыйнай сітуацыі. Плаціна Чыгірынскай ГЭС з'яўляецца бар'ерам для возера, выхад яе са строю можа пагражаць сур'ёзнымі наступствамі.

«Арганізацыя рамонтных работ на вадасцёкавай плаціне патрабуе зніжэння ўзроўню вады Чыгірынскага вадасховішча прыкладна на паўметра. Гэта прадугледжана правіламі эксплуатацыі, і мы пастараемся правесці дадзеныя працы максімальна хутка, каб забяспечыць бесперабойную і надзейную эксплуатацыю ГЭС. Усе рамонтныя работы на гідратэхнічным збудаванні плануем завяршыць да 1 лістапада бягучага года », – сказаў Ігар Страх.

Праезд аўтатранспарту праз плаціну да бліжэйшых населеных пунктаў абмежаваны. «Гэта мера пастаянная. Бо ГЭС адносіцца да асабліва ахоўных аб'ектаў, а значыць павінен быць забяспечаны адпаведны ўзровень аховы і абмежаваны доступ старонніх асоб», – адзначыў галоўны інжынер.

Зараз уезд на плаціну дазволены толькі транспарту МНС, хуткай дапамогі, міліцыі і Мінабароны. Жыхароў бліжэйшых населеных пунктаў і іх родных дзяжурныя па ахове ГЭС прапускаюць строга па спісах. У суседнія вёскі таксама можна праехаць па аб'язной дарозе праз Быхаў.

Чыгірынская ГЭС на рацэ Друць знаходзіцца на мяжы Быхаўскага і Кіраўскага раёнаў. Яна ўведзена ў строй у 1961 годзе. Яе магутнасць – 1500 кВт. У комплекс ГЭС уваходзіць зямельная і вадазліўная плаціны. Даўжыня земляной плаціны – 980 м. У вадазліўную плаціну ўключаны шлюз для арганізацыі пропуску судоў маламернага флоту па рацэ Друць, а таксама лішкаў вады. Акрамя таго, у вадазліўнай плаціне ўстаноўлена 6 сегментных засавак для спуску вады ў перыяд паводкі. У будынку ГЭС устаноўлены 3 гідрагенератары магутнасцю па 550 кВт кожны.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая