Рус Бел Eng 中文

Вальерная паляўнічая гаспадарка ў Чавускім раёне пачне прыём паляўнічых і турыстаў у жніўні

Першая ў Магілёўскай вобласці вальерная паляўнічая гаспадарка каля в. Пуцькі ў Чавускім раёне пачне прыём паляўнічых і турыстаў у жніўні. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб’яднанні.

Тэрыторыя гаспадаркі, а гэта каля 80 га, абгароджана па вонкавым контуры спецыяльнай сеткай. За ёй ва ўмовах, набліжаных да рэальных, ужо жывуць першыя 10 высакародных аленяў, якія нядрэнна прыжыліся на новай тэрыторыі. Яшчэ 20 асобін аленя прыбудуць у паляўнічую гаспадарку з Налібоцкай пушчы прыкладна праз месяц. Як толькі дазволяць умовы надвор’я, тэрыторыя вальеры будзе разбіта на некалькі тэхнічных зон, дзе створаць комплекс біятэхнічных збудаванняў: падкормавыя пляцоўкі, вадапоі, вышкі для назірання за жывёламі і інш. Тут жа плануюць пабудаваць домік для адпачынку турыстаў і паляўнічых, памяшканне для тэхнічнага персаналу, уладкуюць экасцяжыны.

«Вальерная паляўнічая гаспадарка ствараецца з мэтай развядзення высакароднага аленя і лані еўрапейскай у няволі, але ва ўмовах, набліжаных да натуральных, – расказалі ў аб’яднанні. – Гэта дасць магчымасць не толькі зарабляць дадатковыя сродкі ад арганізацыі селекцыйнага і трафейнага палявання, экатурызму, але і павялічыць папуляцыю высакароднага аленя ў лясных угоддзях Магілёўшчыны. Выпуск ва ўгоддзі невялікіх партый жывёл, якія выгадаваны і прайшлі селекцыйны адбор у вальерах, можа значна пашырыць асобныя арэалы пасялення высакароднага аленя аж да іх зліцця».

Плануецца, што ў перспектыве тут з’явяцца і іншыя віды капытных: муфлон і лань. Завяршыць асноўныя работы па ўладкаванні Вальернай паляўнічай гаспадаркі плануецца да канца ліпеня бягучага года і ўжо ў жніўні пачаць прыём першых паляўнічых і турыстаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая