Рус Бел Eng 中文

Валерыю Казакову прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Магілёва»

За значны ўклад у захаванне і развіццё гісторыка-культурнай спадчыны горада на Дняпры паэту, пісьменніку, культурнаму і грамадскаму дзеячу Беларусі і Расіі, уладальніку медаля Францыска Скарыны Валерыю Казакову прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Магілёва». Адпаведнае рашэнне па хадайніцтве калектыву музея гісторыі Магілёва было прынята на чарговай сесіі гарсавета, паведамілі карэспандэнту сайта ў гарвыканкаме.

Цяпер імя Валерыя Казакова будзе ўнесена ў Памятную кнігу ганаровых грамадзян абласнога цэнтра, а яго імянная зорка з’явіцца на плошчы Зорак па вуліцы Ленінскай.

Валерый Мікалаевіч – ураджэнец вёскі Гарбавічы Магілёўскай вобласці. Яго працоўная біяграфія пачыналася на Магілёўскім ліфтабудаўнічым заводзе. Затым ён скончыў вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча і Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага. Працаваў ваенным карэспандэнтам газеты «Чырвоная Зорка», быў сябрам Саюза журналістаў, сакратаром Праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі. Пасля сыходу ў запас працаваў у Расійскім Саюзе ветэранаў Афганістана, Савеце Бяспекі РФ, Адміністрацыі прэзідэнта РФ, займаўся навуковай працай. Палкоўнік запасу, сапраўдны дзяржаўны саветнік Расійскай Федэрацыі 2-га класа з’яўляецца лаўрэатам дзяржаўнай прэміі Урада РФ у галіне культуры.

Акрамя таго, Валерый Казакоў– аўтар паэтычнага зборніка «Философия звука», кніг публіцыстыкі і прозы «Разбитое зеркало Карабаха», «Асфальт и тени» і «Саморазрушение», зборнікаў апавяданняў «Записки колониального чиновника» і «Сон в бессонницу», «Прогнутые небеса», раманаў «Тень гоблина» і «Холопы». У Магілёўскім гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу, цэнтральнай бібліятэцы шмат разоў праводзіліся літаратурныя вечары з яго удзелам. Менавіта Валерый Мікалаевіч стаў ініцыятарам выпуску Магілёўскага штогадовага літаратурнага альманаха, які даў магчымасць публікавацца маладым аўтарам.

Масквіч з беларускімі каранямі яшчэ і шчодры мецэнат. Нягледзячы на тое, што ў Расію перабраўся ў 1970-я гады, не забыўся аб малой радзіме. Стараннямі Валерыя Казакова ў нашу краіну ўжо вярнулася каля 400 рарытэтаў. Старадаўнія кнігі, гравюры, манеты, упрыгожванні ён знаходзіць у прыватных калекцыях, на інтэрнэт-аўкцыёнах, выкупляе і перадае ў дар беларускім музеям і бібліятэкам. У прыватнасці, пачынаючы з 2013 года, дзякуючы гісторыку, экспазіцыя нашага музея папоўнілася дзясяткамі экспанатаў. Гэта прадметы археалогіі X-XIII стагоддзяў, адзіны вядомы асобнік кнігі «Часовник» 1750-х гадоў, надрукаванай у магілёўскай брацкай друкарні, сталовыя прыборы, талеркі і графіны канца XIX – пачатку ХХ стагоддзяў, карціны мастака сярэдзіны XX стагоддзя В. А. Панамарова з відамі Магілёва, манеты перыяду ВКЛ і многае іншае. Дзякуючы Валерыю Казакову магілёўцы і госці горада могуць пазнаёміцца з неацэнным экспанатам – Статутам Вялікага Княства Літоўскага, выдадзеным у 1744 годзе на польскай мове. «Гэтыя рарытэты каштуюць вялікіх грошай. Але каштоўнасць дару нават не ў гэтым. Казакоў выкуплівае і вяртае ў родную краіну рарытэты бескарысліва, не разлічваючы на якія-небудзь дывідэнды. Гэта – парыў душы, а такая шчодрасць у нашы дні – рэдкі дар», – лічыць дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.

Паводле слоў Валерыя Казакова, каб быць шчодрым, неабавязкова быць багатым. Трэба проста хацець дапамагаць людзям, гораду, краіне. «Я дапамагаю сваёй радзіме, таму што люблю яе і лічу апошняй крыніцай Бога, дзе яшчэ жывая незамутненая народная душа. І ўсё часцей падумваю пра тое, каб вярнуцца да сваіх вытокаў», – падкрэсліў Ганаровы грамадзянін горада Магілёва.

Фота з сайта csgpb.mogilev.by
Пры падрыхтоўцы артыкула выкарыстаны матэрыялы газета «Веснік Магілёва» і партала sb.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая