Рус Бел Eng 中文

Вечар памяці Івана Аношкіна адбудзецца 4 красавіка ў Магілёўскай абласной бібліятэцы

Іван Архіпавіч Аношкін належаў да нешматлікай, але вельмі каштоўнай кагорты сціплых беларускіх нацыянальных інтэлігентаў. Высілкамі такіх людзей захоўваецца наша мова, краіна, успамін пра нашу велічную гісторыю.

“Пісьменніцкі занятак – не хобі, а вялікая праца душы”, – казаў Іван Архіпавіч, аўтар апавяданняў і гумарэсак, кніг для дзяцей.

Іван Архіпавіч Аношкін нарадзіўся ў 1928 годзе ў вёсцы Антонаўка Чавускага раёна ў сялянскай сям’і. У гады вайны разам з суседскім хлопчыкам падарваўся на фашысцкай бомбе. Потым трапіў у Азарыцкі лагер смерці. Два меншыя браты не выйшлі з таго пекла. Іван з маці і братам Аркадзем цудам уратаваўся. Вясной 1944 года хворага падлетка вызвалілі з няволі савецкія воіны. Ваеннае ліхалецце не адбіла прагу юнака да вучобы і ведаў, запаветнай марай якога было стаць настаўнікам. І ён ім стаў.

У 1947 годзе скончыў Суражскае педагагічнае вучылішча, у 1964 г. –

гістарычны факультэт Магілёўскага педагагічнага інстытута. Некаторы час працаваў выхавацелем Далісліцкага дзіцячага дома на Браншчыне, загадчыкам Мышчыцкай пачатковай школы Жабінкаўскага раёна на Брэстчыне.

Больш 20-ці гадоў аддаў журналістыцы – працаваў рэдактарам Чэрыкаўскай раённай газеты, загадчыкам аддзела абласной газеты “Магілёўская праўда”, шмат гадоў узначальваў абласную пісьменніцкую арганізацыю.

Пісаць па-беларуску Іван Архіпавіч пачаў яшчэ школьнікам. Першыя творы з’явіліся ў друку ў 1946 годзе. Але сур’ёзна літаратурнай працай пачаў займацца з 1951 года – пісаў заметкі, фельетоны ў раённых газетах, часопісах “Беларусь”, “Неман”, “Вожык”, “Бярозка”. Першы яго зборнік апавяданьняў і гумарэсак “Лішні мінус” выдадзены ў 1959 годзе.

Затым выйшлі зборнікі аповесцей і апавяданняў: “Старыя знаёмыя” (1963), “Брантазаўр” (1973), “Компас паказвае на захад” (1976), “Землякі”(1979), кнігі для дзяцей: “Навічок” (1966), “Алёнчын сакрэт” (1969), “Антонаў ясень” (1981), “Дзве дзяўчынкі, дзве Ірынкі” (1992).

Намаганнямі І. Аношкіна выдадзены, стаўшыя значнымі вехамі ў літаратурным жыцці, калектыўныя зборнікі літаратараў Магілёўшчыны “Галасы Прыдняпроў’я” (1991) і “Дняпроўскія хвалі” (1993).

У 2007 годзе ўдзячныя і любячыя дзеці да 80-годдзя бацькі сваімі сіламі выдалі кнігу “Каханне з памялом”.

Мерапрыемства адбудзецца: 4 красавіка, 16:30, актавая зала Магілёўскай абласной бібліятэкі

Уваход вольны

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая