Рус Бел Eng 中文

Вольга Рэусава з Хоцімскага раёна стала найлепшай «Маладой гаспадыняй АПК» Магілёўскай вобласці

Пераможцай III абласнога конкурсу «Маладая гаспадыня АПК» стала 21-гадовая Вольга Рэусава з Хоцімскага раёна. Дзяўчына працуе дыспетчарам у ААТ «Батаева» і марыць аб моцнай дружнай сям’і. Журы не выстаяла перад яе абаяннем, запалам і аднагалосна прызнала найлепшай. У падарунак прыгажуня атрымала пральную машыну.

Другое месца дасталося інжынеру па тэхніцы бяспекі ААТ «Гавяды-Агра» Шклоўскага раёна Юліі Глускай, трэцяе – выкладчыку Магілёўскага дзяржаўнага агралесатэхнічнага каледжа імя К. П. Арлоўскага Ірыне Яфіменка.

Пераможцамі ў намінацыях прызнаныя: «За лепшую страву» – Кацярына Баброва, (Слаўгарадскі раён), «Самыя ўмелыя рукі» – Наталля Даўгалёва (Бялыніцкі раён), «Міс Арыгінальнасць» (за конкурс «Візітоўка») – Алена Федасеева (Крычаўскі раён), «Міс Талент» (за конкурс «Мая творчасць») – Ірына Пятроўская (Кіраўскі раён).

Абласны конкурс «Маладая гаспадыня АПК» сабраў на адной сцэне больш за дваццаць прыгажунь з усяго рэгіёна ва ўзросце ад 18 гадоў да 31 года. Сярод іх – повар, ветурач, студэнтка, навучэнка, інспектар па ахове працы, юрысты, бухгалтары, педагогі і нават намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства. Дзяўчат аб’ядноўвае прафсаюзнае сяброўства, а таксама праца ў арганізацыях аграпрамысловага комплексу вобласці або вучоба ў сельскагаспадарчых навучальных установах Магілёўшчыны.

Канкурсанткі прайшлі пяць выпрабаванняў: расказалі пра сябе, свае захапленні, працоўную і прафсаюзную дзейнасць у «Візітнай картцы», адказалі на пытанні з розных абласцей жыццядзейнасці ў «Спаборніцтве інтэлектуалаў»; паўдзельнічалі ў жартоўным спаборніцтве «Госці на парозе»; раскрылі свой творчы патэнцыял на этапе «Мая творчасць», падрыхтавалі кулінарную страву ў «Дамашнім заданні», прадэманстравалі ўменне трымацца на сцэне на этапе «Мой стыль», паказалі свае рукадзельныя таленты ў выпрабаванні «Самыя ўмелыя рукі».

Па словах старшыні абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Віктара Гейдэля, мерапрыемства праходзіла ў мэтах развіцця творчага патэнцыялу ўдзельніц, папулярызацыі сельскагаспадарчых прафесій, арганізацыі культурнага вольнага часу і эстэтычнага выхавання сельскай моладзі, матывацыі прафсаюзнага членства.

«Стаць найлепшымі былі вартыя ўсе канкурсанткі, бо аграпрамысловы комплекс Магілёўшчыны багаты на прыгожых і таленавітых дзяўчат, – падкрэсліў ён. – Прыемна, што ўзровень удзельніц з кожным годам расце і журы пры выстаўленні балаў і падвядзенні вынікаў становіцца ўсё складаней размяркоўваць прызавыя месцы».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая