Рус Бел Eng 中文

Выступленне Магілеўскага абласнога аддзялення СПБ на XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе

1 сакавіка 2018года, на XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе, у выставачным комплексе на праспекце Пераможцаў,14 адбылося выступленне Магілеўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі “Пад аховай Магутнага Льва. Да 80-годдзя Магілёўскай вобласці”.

Музычнае суправаджэнне адбылося ў выкананні народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Люлечка”.

Імпрэзу адкрыў старшыня Магілеўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Мікалаевіч Казека радкамі з вершаў:

Я кожны міг імкнуся да цябе
Праз часу неабдымныя абсягі –
Усё жыццё – і ў шчасці і ў бядзе –
Мне не спатоліць той душэўнай прагі.

Радзімы край – куток святой зямлі,
Які заўсёды ёсць у кожным лёсе,
Дзе сэрцу любы цёплы пах раллі
І водар траў, што сохнуць у пакосе.

Дзе бездані нябеснае выток –
Заве, і дорыць вандраванняў вецер;
Дзе кожная травінка і лісток
Складзе з табой адзінае суквецце.

Як хутка час адлічаны бяжыць…
Але праз лёс і праз нягодаў хмары –
Усё жыццё – да краю, да мяжы –
Сюды мае імкнуцца будуць мары.

Прагучаў таксама верш В.Кавалёва “Магілёўшчына”:

Зямля Магілёўшчыны ў святы і ў будні,
Спрадвеку да сённяшніх дзён
З душою чысцей ,што вадзіца са студні
З сэрцам, нібыта агонь.

Слаўся народ хлебасольны!
Жыві ў шчаслівай сям’і!
Каб песні плылі, што аблокі, павольна,
Як Гімн Магілёўскай зямлі.

У кіпучым жыцці на вялікіх будоўлях
Усе вёскі твае,гарады.
А хто гасцяваў на зямлі Прыдняпроўя,
Запомніць яе назаўжды.

Край гераічны, ты-сведка стагоддзяў.
Край родны з шумлівым Дняпром.
Няхай жа ўсімі будуецца ў згодзе
Бацькоўскі утульны наш дом!

Для гасцей грала музыка і гучалі песні на роднай мове. Цудоўная імпрэза Магілёўскіх пісьменнікаў была звязана ў адзіную кампазіцыю нізкай вершаў Алеся Казекі, у якую гарманічна ўпляліся выступленні Валянціны Габрусевай і Мікалая Барысенкі.   Снавалі гэтую прыгажосць вядучыя - артысты народнага тэатра Палаца культуры Магілёўскай вобласці.

1. Грай, музыка, для нас,

Грай для слаўных гасцей!

2. Сёння радасці час –
Сёння ў нас –юбілей!

3. Магілёўскі наш край −
Край палёў і лясоў,

4. Край вытокаў тваіх
Тут вітае сяброў.
Алесь Казека

1. Сінявокі бязмежны разлог.
Жураўлі ды святыя крыніцы.
Я бясконца заўдзячны, што Бог
Тут дазволіў і нам нарадзіцца.

2. Мы упэўнена заўтрашні день
Сустракаем у міры і ў працы.
Тут рупліва зямлю і людзей
Агарнула Прачыстая Маці.
Алесь Казека
Не здарма кажуць, што "Беларусь - культурная пляцоўка Еўропы". Давайце на імгненне крутанём «Кола часу і гісторыі» магілеўскай зямлі, якая заўсёды была пад аховай Магутнага Льва.

1.
Час на міг прыадчыняе вечнасць…
На вяршыні Замкавай гары
Усплывае здань сярэднявечча:
Мечнікі, кальчугі, тапары…

А за валам шыр лясоў бясконцых…
Адчыняе росная зара
Новы дзень і… узыходзіць сонца
З цёмных вод магутнага Дняпра.
2.
На кроснах часу ў колерах былінных
Па некранутай чысціні быцця
Снуе жыццё гісторыю краіны
З імгненняў чалавечага жыцця.

Любому рамяслу для працы шчырай
Расчыне дзверы ветліва прастор.
Тут наш народ разважна і рупліва
Стварае непаўторны свой узор.

Алесь Казека

Вядучыя віталі на пляцоўцы сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэтку, лаўрэатку міжнародных літаратурна-музычных конкурсаў Валянціну Габрусеву і запрасілі яе да мікрафона.

1. Ёсць зямля, дзе Анёлы з блакіту прадуць
Пражу дзіўнай красы для нябесных абрусаў.

2. На зямлі той прыгожай шчасліва жывуць,
Праслаўляючы працай яе, Беларусы!

3. Дык няхай узрастае братоў карагод
На зямлі гэтай шчодрае мірным абрусе

4. І мацнее штогод наш адзіны народ,
На зямлі Магілёўскай у святой Беларусі!

 

1. Сорак першы. Спякота. … Дняпро… Магілёў −
Тут жахАецца вораг пракляты,
Як на Буйніцкім полі, праз сталь і агонь,
У бяссмерце сыходзяць салдаты.

2. Магілёўшчына − родная маці-зямля −
З гэтай мужнасцю вояў паўстала.
Дзеля нашай свабоды Айчына мая
Партызанкай-падпольшчыцай стала.

3. Тры задоўгіх гады сваіх верных сыноў
Ты ахоўвала, Маці Святая,
Покуль разам з вайной у Бабруйскі кацёл
Зачыніла варожую зграю.

4. Мы і сёння адзінаю верай жывём:
Не, не пройдуць захопнікі-каты.
Не дазволім нікому, каб некалі зноў
Наш народ запіхнулі за краты.

5. Колькі мужных сыноў, колькі верных дачок
Ліхалецце ў Айчыны забрала!?
Вам, хто мір на зямлі для нашчадкаў збярог, −
І пашана, і вечная слава!

Алесь Казека

Вядучыя запрасілі таксама да мікрафона сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі,

вядомага пісьменніка-гісторыка, краязнаўцу, кіраўніка пошуковага атрада
“ВІККРУ”, лаўрэата Нацыянальнай прэміі ў галіне літаратуры 2016 года
Мікалая Барысенку.

1. Жыві, жыві бясконцасць рання
І прамяністая зара!

2. Няхай не значыцца змяркання
Жыцця ў лістках календара.

3. Ты расцвітай, мая Радзіма –
Свабоднай будучыні ўсход!

4. Мы назаўжды ў страю адзіным:
Жыццё, дзяржава і народ.

5. Мінаюць хутка леты, зімы…
Як проста, дружа, зразумець –

6. Няма радней сваёй Радзімы –
На тым стаіць зямная цвердзь.

7. Няма мілей бацькоўскай хаты
У роднай вёсцы, ля ракі –

8. І толькі гэтым мы багаты
Ва ўсе часы, ва ўсе вякі…

Алесь Казека

Выступленне ансамбля «Люлечка» гасцям выстаўкі вельмі спадабалася. Кожны нумар мастацкага калектыва яны сустракалі апладысментамі.

Прэс-служба СПБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая