Прыгранічнае становішча раёна, дзе да ўмоўнага падзелу з Расіяй усяго з дзясятак кіламетраў, міжволіўплывае на рынак працы. Прывабныя прапановы працы ў аграрнай сферы ў краіне-суседцы спараджаюць скрытую міграцыю, рабочай сілы становіцца менш. Абстаноўка, кажуць у раёне, няпростая. Але ўсё ж упраўляемая. Новыя працоўныя месцы, якія з’яўляюцца ў райцэнтры, дапамагаюць заняць людзей, незадзейнічаных у эканоміцы. Напрыклад, ТАА «Мсціслаўская швейная фабрыка». Новая вытворчасць адкрылася адносна нядаўна – у снежні мінулага года – на вельмі цікавых умовах. Грошы расійскія, працаўнікі – мясцовыя. Як паўплывала двухбаковае пагадненне на мсціслаўскі рынак працы?

Гісторыя праекта пачалася яшчэ ў красавіку мінулага года. Тады Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці і Пачынкаўскі Смаленскай вобласці заключылі пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным, сацыяльна-культурным супрацоўніцтве. Падобныя дагаворы ў большасці сваёй маюць на ўвазе сяброўства максімум у культурнай сферы. Але тут пайшлі далей: падчас візіту ў Пачынак дэлегацыя з Мсціслава паглядзела на працу мясцовай швейнай фабрыкі, філіяла буйной кампаніі «Техноавиа» з галоўным офісам у Маскве. Вытворчасць зацікавіла.
Першага намесніка старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Віктара Касалапава спачатку трывожылі пытанні, як наладзіць працу з нуля, дзе ўзяць абсталяванне і памяшканне. Калі ж да працы падключыўся расійскі бок, паступова гэтыя праблемы сталі адпадаць. Для памяшкання пад фабрыку выдатна падышла частка будынка былога прафесійнага ліцэя № 6, які ў мінулым годзе аб’яднаўся з Мсціслаўскім дзяржаўным будаўнічым каледжам. Апусцелыя плошчы дазвалялі тут разгарнуцца.

Праект заключаўся ў тым, што будынак расійскаму боку прапаноўваўся на вельмі выгадных умовах, па льготным тарыфе – за адну базавую велічыню. Здавалася б, чаму не знайсці мясцовага энтузіяста, які выкупіць памяшканне за такую ж цану? Пытанне ўпіралася ў грошы. Дзе іх узяць, каб раскруціць вытворчасць? У суседзяў такая фінансавая падушка была. У выніку яны абавязаліся закупіць абсталяванне для фабрыкі, зрабіць там рамонт і на працягу года адкрыць новае прадпрыемства. Па дагаворы яно павінна працаваць не менш за тры гады і стварыць каля 100 працоўных месцаў. Дзелавыя калегі дагавор выканалі: у кастрычніку мінулага года зарэгістравалі фабрыку, адрамантавалі цэх і ўжо ў снежні прынялі першых супрацоўніц.
Цяпер у штаце фабрыкі, якая займаецца выпускам спецадзення для расійскага рынку, да 140 чалавек. Частка з іх праходзіць навучанне, таму працуе па дагаворы падраду. Па прыкладных падліках дырэктара прадпрыемства Уладзіміра Пятрова, у наступным годзе на працу павінна прыйсці яшчэ столькі ж новых супрацоўнікаў:
– Будаўнічы каледж адкрые новую спецыяльнасць – швейная справа. Групе швачак пасля навучання будзе гарантавана працоўнае месца. Хоць і цяпер жадаючых уладкавацца хапае. Працуюць у нас не толькі жыхары Мсціслава, але і суседніх вёсак, якім кампенсуем праезд.
У швейным цэху можна прасачыць ўсю лінію вытворчасці спецадзення. У адной частцы працуюць швачкі, далей гатовыя камплекты паступаюць на прасаванне, чыстку, кантроль якасці і фасоўку. На кожнай з аперацый – свой спецыяліст. Многія з іх, зрэшты, яшчэ некалькі месяцаў таму не мелі ні найменшага ўяўлення аб гэтай справе. Але дылетантаў Уладзімір Ягоравіч не баіцца:
– Навучаем людзей непасрэдна на вытворчасці. Бяром нават тых, у каго няма навыкаў і спецыяльнай адукацыі. Былыя работнікі сельскай гаспадаркі і гандлю, тэхнічныя спецыялісты, хто, можа, і іголку ў руках не трымаў, асвойваюць азы хутка. Спачатку выконваюць нескладаныя аперацыі. Калі набіваюць руку, пачынаем улічваць норму выпрацоўкі, якая аплачваецца асобна. Пасля выпрабавальнага перыяду – ён доўжыцца тры месяцы – даём большы аб’ём працы.
Такі падыход, а яшчэ зручны графік з чаргаваннем двух працоўных і выхадных дзён спецыялістаў задавальняе. Можна і па домепаспяваць, і нядрэнную зарплату атрымліваць. Усё залежыць ад зацікаўленасці кожнага. Чым больш выканана заказаў, тым вышэйшая аплата. Да 750 рублёў даходзіць яна ў асобных работніц.

Жыхарка Мсціслава Алена Амельчанка, кантралёр якасці выпускаемай прадукцыі, на фабрыцы з самага адкрыцця:
– Працавала ў магазіне прадаўцом, але не задавальняў заробак. Увесь дзень на нагах, а грошай не хапала. Стала шукаць новае месца працы. Даведалася, што адкрываецца вытворчасць. Рызыкнула. Нявопытную работніцу ўзялі. Прайшла тут навучанне, налаўчылася, балазе, праца нескладаная: калі паступае гатовая спецвопратка, гляджу, каб не было браку. Калі заўважаю праблемы, вяртаю камплект назад у цэх. Пасля – на ўпакоўку.
Для яе калегі Зарыны Кемцавай з Падлужжа гэта ўвогуле першае месца працы. У 2015 годзе скончыла ў Мсціславе каледж па спецыяльнасці «тэхнік-будаўнік». Затым пайшла ў дэкрэт. Калі дзіця падрасло, Зарына вырашыла выйсці на працу:
– На фабрыцы з красавіка. Прайшла стандартны, як і ўсе, алгарытм – навучанне, стажыроўку. Цяпер паспяваю сумяшчаць і працу, і хатнія клопаты. Ад Падлужжа да Мсціслава каля 15 кіламетраў. Аўтобус, які адпраўляецца ў 7.30 раніцы, якраз паспявае да пачатку змены. Гэтак жа дабіраюся дадому.

Пакуль вытворчасць толькі набірае абароты. Выйсці на поўную магутнасць, калі можна вырабляць больш за 8 тысяч камплектаў адзення ў месяц, не атрымліваецца – патрэбен яшчэ адзін цэх. Ён, дарэчы, ужо на рамонце і павінен адкрыцца ў наступным годзе. Фабрыку чакае чарговае папаўненне.
КАМЕНТАР
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мсціслаўскага райвыканкама Ларыса ФІЛІПЕНКА:
– Узровень беспрацоўя ў раёне, паводле дадзеных на май, – 0,4 працэнта, паказчыкі нядрэнныя. Стрымліваць гэтую лічбу ўдаецца дзякуючы праграме па садзейнічанні занятасці. Па ёй у раёне ствараюцца новыя рабочыя месцы. У мінулым годзе адкрылася ТАА «Мсціслаўская швейная фабрыка», рэгіструем фермераў, якія працаўладкоўваюць да сябе вяскоўцаў. Зменшылася колькасць тых, хто знаходзіцца на ўліку ў службе занятасці –такіх ўсяго 29 чалавек. Як? Праводзім перанавучанне (яго прайшло 18 чалавек), кірмаш вакансій. Яшчэ адна форма занятасці – аплатныя грамадскія работы, у якіх задзейнічана больш за 60 чалавек. Яны займаюцца рамонтам агароджаў і добраўпарадкаваннем тэрыторыі могілак, вяскоўцы з Ракшынскага сельсавета – на аб’екце ў Андронах, дзе размешчана аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых. Тых, хто сябе добра зарэкамендаваў, стараемся працаўладкаваць. Ініцыятыўныя людзі атрымліваюць субсідыі. У гэтым годзе грашовая дапамога на адкрыццё сваёй справы выдзелена сям’і Грудзініных з вёскі Лютня, якая зарэгістравала і наладзіла вытворчасць свечак з воску на базе пчальніка асабістай падсобнай гаспадаркі.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 15:21
Школы Магілёўскай вобласці практычна гатовыя да новага навучальнага года
20.08.2020 - 08:52
18.08.2020 - 10:55
Блакітную крыніцу на Мядовы (Макавы) Спас наведалі тысячы паломнікаў з Беларусі, Украіны і Расіі
18.08.2020 - 09:48
17.08.2020 - 16:38
Забароны на наведванне лясоў дзейнічаюць у 5 раёнах Магілёўскай вобласці
17.08.2020 - 12:57
Падрыхтоўка да Дня пісьменства ў Бялынічах выйшла на фінішную прамую