Кіраўніцтва Магілёва разгледзіць магчымасць стаць пілотнай пляцоўкай праекта «Бюджэтнае фінансаванне ў інтарэсах дзяцей» пры рэалізацыі глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ «Горад, дружалюбны дзецям». Такая дамоўленасць дасягнута на сустрэчы старшыні Магілёўскага гарвыканкама Уладзіміра Цумарава з прадстаўніком ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэдам Мустафой Сарварам.

«У Магілёве відавочны сур’ёзны прагрэс у рэалізацыі ініцыятывы «Горад, дружалюбны дзецям», а гэта значыць, робіцца вельмі шмат у гэтым напрамку: ад падтрымкі інстытута мацярынства і дзяцінства да творчай самарэалізацыі падлеткаў, – адзначыў Рашэд Мустафа Сарвар. – А рэалізацыя праекта «Бюджэтнае фінансаванне ў інтарэсах дзяцей» стане сур’ёзным крокам да пераходу ад ініцыятывы да платформы, выбудоўванні пастаянна дзеючага механізму для развіцця горада, дружалюбнага дзецям і падлеткам, на шляху дасягнення Мэтаў устойлівага развіцця».

Паводле слоў прадстаўніка ЮНІСЕФ, 27 жніўня гэты праект быў прэзентаваны ў Міністэрстве фінансаў Беларусі і выклікаў вялікую цікавасць. У якасці прыкладу Рашэд Мустафа Сарвар прывёў паспяховую рэалізацыю праекта ў 20 з 85 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. «Гэта не патрабуе нейкіх сур’ёзных дадатковых выдаткаў, а хутчэй, глыбокага аналізу і больш канкрэтнага фінансавання. Гэта калі бюджэт горада разлічаны з улікам інтарэсаў дзяцей і падлеткаў і абмеркаваны з моладзевым парламентам», – растлумачыў ён.
Рашэд Мустафа Сарвар падзякаваў арганізатарам форуму «Горад, дружалюбны дзецям і падлеткам: ад ініцыятывы да платформы для лакалізацыі Мэтаў устойлівага развіцця», які праводзіцца ў Магілёве 28-29 жніўня. «Прадстаўнікі моладзі з 25 гарадоў Беларусі, якія ўдзельнічаюць у ініцыятыве «Горад, дружалюбны дзецям», умацуюць сувязі паміж гарадамі і падлеткавымі парламентамі ўсёй краіны. Я спадзяюся, што кожны атрымае незабыўны і пазітыўны вопыт ад гэтага форуму», – сказаў Рашэд Мустафа Сарвар.

У сваю чаргу Уладзімір Цумараў выказаў зацікаўленасць у далейшай рэалізацыі і прасоўванні ініцыятывы і прапанаваў распрацаваць план канкрэтных мерапрыемстваў і сумесных праектаў на найбліжэйшую і доўгатэрміновую перспектыву. «Мы зацікаўлены ў падтрымцы дзяцей і моладзі, бо выдатна разумеем, што гэта самае эфектыўнае ўкладанне сродкаў, бо гэта інвестыцыі ў нашу будучыню», – дадаў ён.
Паводле слоў мэра, станоўчая дынаміка ў развіцці эканомікі горада дазваляе паэтапна ўмацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў сацыяльнай сферы ў інтарэсах дзяцей, якіх у Магілёве налічваецца больш за 70 тыс. Актыўна будуюцца ўстановы адукацыі ў новых мікрараёнах, у прыватнасці за апошнія гады адкрыта школа і два дзіцячыя садкі ў мікрараёне Спадарожнік, дзіцячы сад у Казіміраўцы, там жа заклалі падмурак новай школы. У горадзе павялічылася колькасць вулічных спартыўных пляцовак, сетка веладарожак дасягнула 18 км, устаноўлены 83 велапаркоўкі. «У Магілёве створана і працягвае развівацца камфортная і бяспечная інфраструктура, якая спрыяе развіццю і сацыялізацыі дзяцей, падлеткаў, моладзі», – падкрэсліў Уладзімір Цумараў.

Рашэнне аб рэалізацыі глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ «Горад, дружалюбны дзецям і падлеткам» юныя магілёўцы прынялі ў 2013 годзе. Пасля гэтага пачалося паэтапнае прыцягненне да яе дзяцей і дарослых, быў створаны Маладзёжны парламент пры Магілёўскім гарадскім Савеце дэпутатаў. За чатыры гады яго працы назапашаны пазітыўны вопыт рэалізацыі ініцыятыў, праектаў па розных напрамках вольнага часу, здаровага ладу жыцця, патрыятычнага, грамадзянскага і сацыяльнага выхавання дзяцей і моладзі.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.08.2020 - 13:20
Мінсувязі выпусціць канверт з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах»
18.08.2020 - 09:59