Рус Бел Eng 中文

З 23 па 29 красавіка ў Магілёўскай вобласці пройдзе Еўрапейскі тыдзень імунізацыі

З 23 па 29 красавіка ў Магілёўскай вобласці пад дэвізам «Папярэдзіць. Абараніць. Прышчапіць» ў 13-ы раз пройдзе Еўрапейскі тыдзень імунізацыі. Пра гэта паведамілі ў абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Паводле слоў суразмоўцаў, акцыя арганізавана з мэтай павышэння ўзроўню інфармаванасці насельніцтва аб неабходнасці абароны супраць інфекцыйных хвароб, перавагах вакцынапрафілактыкі.

У рамках Еўрапейскага тыдня імунізацыі ў службах аховы здароўя рэгіёна будзе арганізавана работа «гарачых ліній», «тэлефонаў даверу», кансультацыі спецыялістаў (педыятраў, неўролагаў, алерголагаў, імунолагаў, эпідэміёлагаў) па пытаннях імунапрафілактыкі.

«Стабільнасць эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва Магілёўскай вобласці падтрымліваецца пры дапамозе найбольш эфектыўнай і бяспечнай меры прафілактыкі – вакцынацыі, – адзначылі суразмоўцы. – Так, за час правядзення планавай імунізацыі ў рэгіёне захворванне на коклюш знізілася больш чым у 100 разоў, а на востры гепатыт В – больш чым у 32 разы. Дзякуючы вакцынам большасць дзяцей і дарослых не ведаюць, што такое натуральная воспа, поліяміэліт, дыфтэрыя і стаўбняк, не ўспрымальныя да адзёру, краснухі, эпідэмічнага паратыту, коклюшу».

Дзяржава дае кожнаму магчымасць абараніць сябе ад заражэння інфекцыйнымі захворваннямі, стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання. Вакцынацыя ў Беларусі ажыццяўляецца ў рамках аказання меддапамогі грамадзянам і праводзіцца бясплатна.

У нашай краіне абарона насельніцтва забяспечваецца ў адпаведнасці з нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак ад 12 інфекцыйных захворванняў (туберкулезу, віруснага гепатыту В, коклюшу, дыфтэрыі, стаўбняку, поліяміэліту, адзёру, краснухі, эпідэмічнага паратыту, гемафільнай і пнеўмакокавай інфекцый, грыпу), а таксама па эпідэмічных паказаннях дадаткова ад 11 інфекцыйных захворванняў (шаленства, бруцэлёзу, паветранай воспы, гепатыту А, жоўтай ліхаманкі, клешчавога энцэфаліту, лептастырозу, сібірскай язвы, тулярэміі, чумы і эпідэмічнага паратыту). Акрамя таго, дзякуючы новым вакцынам, у цяперашні час можна абараніць падлеткаў і дарослых людзей ад хвароб, якія ўяўляюць пагрозу для жыцця: такіх, як гемафільнай і пнеўмакокавай інфекцыі, раку шыйкі маткі і папіломавіруснай інфекцыі.

Вакцыны ў нашай краіне маюць статус лекавых сродкаў і праходзяць абавязковую дзяржаўную рэгістрацыю. Кожная партыя, якая паступае ў Беларусь, праходзіць поўную праверку якасці і толькі пасля гэтага дапускаецца да выкарыстання.

Па словах суразмоўцаў, на працягу доўгага перыяду ў Магілёўскай вобласці падтрымліваецца аптымальны ахоп прафілактычнымі прышчэпкамі (больш за 97% – сярод дзяцей), што забяспечвае папярэджанне масавага распаўсюджвання ўзбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў у выпадку іх завозу на тэрыторыю рэгіёна. У той жа час застаецца частка асоб (2-3%), не прышчэпленых па розных прычынах, у тым ліку па прычыне адмаўлення. «Чалавек мае права адмовіцца ад правядзення прафілактычнай прышчэпкі, але ён павінен ўсведамляць, што гэтым наносіць шкоду не толькі свайму здароўю, але і здароўю  людзей», – падкрэслілі спецыялісты.

Мерапрыемствы, якія праводзяцца ў рамках тыдня імунізацыі, галоўным чынам накіраваныя на інфармаванне насельніцтва аб карысці вакцынапрафілактыкі і яе поспехаў ў выкараненні захворванняў. Таксама асаблівая ўвага будзе нададзена бацькам, якія па пэўных прычынах адмаўляюцца ад правядзення прафілактычных прышчэпак сваім дзецям.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая