Рус Бел Eng 中文

З пачатку года на дарогах Магілёўскай вобласці загінуў 21 пешаход

У Магілёўскай вобласці за 10 месяцаў бягучага года зарэгістравана 121 дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам пешаходаў, у якіх 21 чалавек загінуў і 103 атрымалі розныя траўмы. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміў начальнік упраўлення Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі УУС Магілёўскага аблвыканкама Міхаіл Неўмяржыцкі.

Паводле слоў суразмоўцы, у 40 ДТЗ вінаватыя самі пешаходы. «Яны часта ігнаруюць элементарныя меры бяспекі, залішне самаўпэўнены і лічаць сябе на дарогах паўнапраўнымі гаспадарамі, якіх кіроўца заўсёды павінен убачыць і аб’ехаць. Грамадзяне пераходзяць вуліцы ў неўстаноўленых месцах, раптам з’яўляюцца на праезджай частцы з-за прыпаркаваных аўтамабіляў, ды і на забараняльны сігнал святлафора могуць перабегчы вуліцу. Звычайна самі пешаходы тлумачаць гэтыя парушэнні дэфіцытам часу, які заканчваецца для некаторых бальніцай, а для некаторых – трагедыяй», – падкрэсліў Міхаіл Неўмяржыцкі.

Як адзначыў начальнік УДАІ, з надыходам асенне-зімовага перыяду светлавы дзень значна скараціўся. У сувязі з гэтым вельмі актуальным пытаннем з’яўляецца дарожная бяспека пешых удзельнікаў руху, асабліва ў цёмны час сутак. «Каля 50% ад агульнай колькасці аварый адбываецца менавіта ў дадзены прамежак часу, – сказаў ён. – Адным з самых дзейсных спосабаў засцерагчы сябе на дарозе з’яўляецца выкарыстанне святлоадбівальных элементаў. Эфектыўнасць флікераў за некалькі апошніх гадоў даказана на практыцы: колькасць ДТЗ з удзелам пешаходаў значна скарацілася. У бягучым годзе ў цёмны час адбыўся 71 наезд, у якіх 18 чалавек загінулі і 56 траўмаваны».

За парушэнні ПДР прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць. Кіроўцу, які не зважае на правілы праезду пешаходнага пераходу, пагражае штраф у памеры ад 1 да 5 базавых велічынь. За парушэнне правілаў пешаход ці іншы ўдзельнік дарожнага руху прыцягваецца да адказнасці ў выглядзе штрафу ад 1 да 3 БВ. Тыя ж дзеянні, учыненыя нецвярозым пешаходам, цягнуць накладанне штрафу ў памеры да 5 базавых велічынь.

Не меншую небяспеку ўяўляюць і нецвярозыя пешаходы. У 2017 годзе супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі іх было выяўлена і прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці больш за 3500.

Так, 13 кастрычніка ў 20.15 гадзін у Быхаўскім раёне 55-гадовы гамяльчанін, кіроўца аўтамабіля МАЗ-МАН з прычэпам, на 51-м км аўтадарогі «Магілёў-Быхаў-Рагачоў» у напрамку Быхава з боку Рагачова Гомельскай вобласці здзейсніў наезд на 48-гадовага быхаўчаніна, які ляжаў на праезджай частцы дарогі. Ад атрыманых цялесных пашкоджанняў мужчына памёр на месцы ДТЗ. Пешаход САЭ пазначаны не быў.

Каб папярэдзіць падобныя здарэнні і выратаваць жыццё нядбайным пешаходам, Дзяржаўтаінспекцыя праводзіць працу па выдаленні з праезджай часткі нецвярозых грамадзян. Аднак да кожнага пешахода міліцыянера не прыставіш. Таму гэтую праблему трэба вырашаць разам. «Калі вам стала вядома пра факты знаходжання ў стане алкагольнага ап’янення на дарозе пешаходаў, веласіпедыстаў і іншых удзельнікаў дарожнага руху, паводзіны якіх небяспечныя, патэлефануйце па тэлефоне 102. Магчыма, ваш званок прадухіліць бяду», – адзначыў Міхаіл Неўмяржыцкі.

Дарэчы, з 4 лістапада па 13 лістапада бягучага года ў мэтах прафілактыкі пешаходнага траўматызму і папулярызацыі выкарыстання флікераў Дзяржаўтаінспекцыя вобласці арганізавала спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Пешаход». У дадзены перыяд супрацоўнікі ДАІ праводзяць шырокую тлумачальную працу, ажыццяўляюць рэйдавыя мерапрыемствы, падчас якіх асаблівую ўвагу надаюць спыненню парушэнняў як з боку кіроўцаў, так і з боку пешаходаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая