Рус Бел Eng 中文

За выхадныя ў лясах вобласці заблудзіліся 4 чалавекі: грыбнік з Магілёва знойдзены мёртвым, а 72-гадовую пенсіянерку з Горацкага раёна працягваюць шукаць

У выхадныя дні ў Магілёўскай вобласці сталі значна больш частымі паведамленні пра грыбнікоў і ягаднікаў, якія заблукалі ў лесе. Усяго з пятніцы зарэгістраваны 4 такія факты, якія мелі месца ў Чавускім, Горацкім і Шклоўскім раёнах. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік УУС Магілёўскага аблвыканкама Дзмітрый Ігнатовіч.

Адзін з заблукалых вярнуўся дадому сам, другога знайшла пошукавая група і перадала медыкам. На жаль, трэцяга грыбніка праваахоўнікі знайшлі ўжо мёртвым, а пенсіянерку з Горацкага раёна працягваюць шукаць.
Як адзначыла начальнік аддзела вышуковай работы ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС падпалкоўнік міліцыі Алена Пуцык, праваахоўнікі сур’ёзна занепакоеныя тым, што пажылыя і састарэлыя людзі, нягледзячы на ўзрост, стан здароўя і халоднае сырое надвор’е, ідуць у лес, ведаючы пра небяспеку.

Пра тое, што 64-гадовы муж у пятніцу з’ехаў з Магілёва ў Чавускі раён у грыбы і не вярнуўся, жонка паведаміла ў міліцыю раніцай 15 верасня. Ён патэлефанаваў ёй у пятніцу і сказаў, што трапіў у балота, заблукаў і спазніўся на зваротны дызель-цягнік. Потым яго мабільнік быў па-за зонай дзеяння сеткі, а дакладнае месцазнаходжанне не вядома. Пасля блукання па лясах ён сам вярнуўся дадому.

Таксама паспяхова завяршыліся пошукі 82-гадовага пенсіянера з вёскі Зімнік Горацкага раёна. У суботу ён заблукаў на мясцовасці, але быў знойдзены пошукавай групай аддзела ўнутраных спраў у раёне суседняй вёскі Тудараўка. Знясілены пенсіянер ляжаў у полі. Міліцыянеры аказалі яму дапамогу, распыталі пра здарэнне і перадалі выкліканай на месца брыгадзе хуткай медыцынскай дапамогі. Аб знікненні старога паведамілі ягоныя знаёмыя.
А вось для 66-гадовага магілёўца паездка ў грыбы завяршылася трагічна. У суботу раніцай, 15 верасня, ён са сваякамі прыехаў у лес паблізу в. Падгайцы Шклоўскага раёна. Там ён стаў збіраць грыбы ў адзіночку, пасля чаго знік і на званкі на мабільны тэлефон не адказваў. Пасля паступлення паведамлення ў міліцыю ў 17.00 таго ж дня былі арганізаваны пошукавыя мерапрыемствы. У нядзелю ў 16.00 яго цела без бачных прыкмет гвалтоўнай смерці было знойдзена на полі паблізу в. Плешчыцы Шклоўскага раёна. Вядома, што магілёвец хварэў на ішэмічную хваробу сэрца.

Зараз працягваюцца пошукавыя мерапрыемствы па ўстанаўленні месцазнаходжання 72-гадовай Надзеі Паўлаўны Кабешавай, жыхаркі в. Маслакі Горацкага раёна. Яна сышла са сваёй хаты ў невядомым напрамку 14 верасня.
Яе прыкметы: рост 165-170 см, хударлявага целаскладу, валасы сярэдняй даўжыні, цёмныя з сівізной. Асаблівыя прыкметы: носіць акуляры. Была апранута: хустка на галаве чырвонага колеру, байка блакітнага колеру, штаны чорныя, боты гумовыя сінія.

Паводле версіі аператыўнікаў, пенсіянерка магла пайсці ў лес. Дома адсутнічалі яе боты і кошык. У 2017 годзе яна ўжо сыходзіла з хаты ў лес у грыбы на 2 дні, тады вярнулася самастойна. На гэты раз пра яе знікненне паведамілі занепакоеныя суседзі. Пошукавыя мерапрыемствы праводзяць супрацоўнікі Горацкага РАУС сумесна з РАНС. У аўторак пошукавая група будзе ўзмоцнена вайскоўцамі ўнутраных войскаў МУС.

Просьба да асоб, чые сваякі не вярнуліся з лесу больш чым праз 5-6 гадзін і не выйшлі на сувязь, неадкладна паведамляць пра гэта ў АУС па тэлефоне «102» або ў МНС па тэлефоне «101»!

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая