Рус Бел Eng 中文

Заробкі будаўнікоў у Беларусі з 1 студзеня 2019 года вырастуць на 30-35%

Заробкі будаўнікоў у Беларусі з 1 студзеня 2019 года вырастуць на 30-35%. Адпаведны нарматыўны дакумент рыхтуе Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, паведаміў кіраўнік ведамства Дзмітрый Мікулёнак у праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале«Беларусь 1».

Сярэдні заробак у будаўнічай галіны ў Мінску перавышае Br1 тыс., у рэгіёнах вагаецца на ўзроўні 800-900 рублёў. «Гэтага недастаткова. Мы ўводзім нарматыўны дакумент, каб з 1 студзеня пайшоў разлік у новых лічбах – 30-35%», – сказаў міністр. Пры гэтым розныя ўмовы ў аплаце працы для рабочых у сталіцы і рэгіёнах будуць ліквідаваны. «Розніца сапраўды існавала. З 1 снежня яе ўжо не будзе. Мы яе ліквідуем», – дадаў Дзмітрый Мікулёнак.

Міністр канстатаваў недахоп кадраў у будгаліне Беларусі. У ведамстве разлічваюць, што рост заробкаў дазволіць выправіць сітуацыю.

Дзмітрый Мікулёнак расказаў, як будуць вырашацца іншыя задачы, пастаўленыя перад Мінбудархітэктуры на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу. Так, Міністэрства стане адзіным органам, які фарміруе дзяржаўную палітыку ў будсферы, і сканцэнтруе ў сваіх руках усё галіновае будаўніцтва. Паводле слоў кіраўніка ведамства, разам усе дакументы будуць зведзены ў кодэкс, які, як плануецца, запрацуе пасля 2020 года. Прыбраць жа ўсе супярэчнасці з заканадаўства Мінбудархітэктуры даручана да першага квартала 2019 года. Акрамя таго, Міністэрства падрыхтавала прапановы па схемах пагашэння даўгоў стратнымі прадпрыемствамі галіны. Дзмітрый Мікулёнак падкрэсліў, што аб спісанні запазычанасці гаворкі не ідзе. У Міністэрстве разлічваюць на прадастаўленне часовага перыяду, у які прадпрыемствы змогуць зарабіць і вярнуць усе даўгі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая