Рус Бел Eng 中文

Здымаць стрэс і рабіць цацкі са шкарпэтак навучаць на фестывалі ў Магілёўскай вобласці

Аграсядзіба «Шэрая шыйка» (Магілёўскі раён) 23 верасня стане цэнтрам правядзення рэспубліканскага фестывалю з удзелам пажылых людзей «Крэатыўны ўзрост» у Магілёўскай вобласці. Пра гэта паведамілі ў Беларускім грамадскім аб’яднанні «Адпачынак у вёсцы».

Фестываль, прымеркаваны да Дня пажылога чалавека і Года малой радзімы, 23 верасня з 11.00 да 18.00 будзе праходзіць у сямі рэгіёнах Беларусі на базе аграсядзіб. Мерапрыемства накіравана на прыцягненне ўвагі да праблем людзей трэцяга ўзросту ў сельскіх рэгіёнах і ўцягванне іх у творчую дзейнасць.

Праграма мерапрыемства ў «Шэрай шыйцы» ўключае трэнінгі і майстар-класы: кулінарныя, па традыцыйных рамёствах, здаровага ладу жыцця. Будуць працаваць забаўляльныя і навучальныя тэматычныя зоны. Напрыклад, у тэматычнай зоне «ЗЛЖ» правядуць майстар-класы па скандынаўскай хадзьбе, навучанні навыкам першай дапамогі, навучаць пазбаўляцца ад стрэсу і спосабам зніжэння масы цела. На пляцоўцы «Бабулін куфар» адбудзецца знаёмства з мясцовымі артэфактамі, гісторыямі, легендамі, пройдзе літаратурная гасцёўня, навучаць рабіць лялькі-матанкі і цацкі сашкарпэтак і рукавіц. У фуд-корце ад аграсядзібаў гасцей будуць частаваць юшкай, шурпой, смачнымі блінамі і пірагамі з рознымі начынкамі.

«Паколькі наша аграсядзіба ўваходзіць у турыстычны кластар«Край жыватворных крыніц», мы прэзентуем для пажылых людзей экатур у розныя раёны вобласці з наведваннем знакавых жыватворных крыніц, – адзначыла гаспадыня Святлана Маханькова. – Будзем частаваць гасцей жывой вадой са знакамітай Палыкавіцкай крыніцы (помнік прыроды рэспубліканскага значэння), якая знаходзіцца недалёка ад сядзібы. Жадаючыя змогуць самі наведаць гэтае знакавае месца, якое да гэтага часу з’яўляецца своеасаблівым цэнтрам духоўнага і культурнага жыцця Магілёўскага раёна».

На свяце чакаецца шмат музыкі і песень, а танцавальная праграма будзе ўключаць як сучасныя, так і бальныя танцы. Уваход вольны.

«Гэтым мерапрыемствам мы хочам паказаць велізарны патэнцыял людзей«узросту шчасця». На фестывалі яны падзеляцца сваімі ведамі, талентамі, уменнем жыць з аптымізмам. Наша мэта – паказаць, што людзі трэцяга ўзросту запатрабаваны ў сучасным грамадстве, могуць жыць яркім і напоўненым жыццём, знайсці новыя захапленні, стварыць свой бізнес, праводзіць час з карысцю і задавальненнем», – адзначылі ў грамадскім аб’яднанні.

Арганізатарам фестывалю з’яўляецца Беларускае грамадскае аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы» пры падтрымцы Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і Міністэрства інфармацыі Беларусі.

БЕЛТА
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая