Рус Бел Eng 中文

Жыхароў Магілёўскай вобласці запрашаюць стаць актыўнымі ўдзельнікамі пераўтварэння гарадскога асяроддзя

Школа гарадскіх ініцыятыў «Цяпліца» аб’яўляе аб пачатку трэцяга сезона. Пра гэта карэспандэнту сайта паведаміў кіраўнік Цэнтра гарадскіх ініцыятыў Юрый Стукалаў.

Паводле слоў суразмоўцы, слоган праекта, які стартаваў два гады таму – «Для тых, хто хоча зрабіць жыццё ў Магілёве лепшым, але не ведае як». Выпускнікі першых сезонаў на справе паказалі, што гарадскому актывізму можна вучыцца і прымяняць навыкі на практыцы. Сярод «цяплічных» праектаў, якія ўпрыгожылі наш горад, – «Кінатэатр пад адкрытым небам», «Пазітыўныя знакі», «Вершы на сценах», «Сабака Чака». Акрамя таго, выпускнікі прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні такіх маштабных мерапрыемстваў, як «Дранікі-фэст», «Вялікі гарадскі пікнік».

У гэтым сезоне арганізатары вырашылі пашырыць меркаваную геаграфію слухачоў. «Раней мы запрашалі на заняткі толькі магілёўцаў, а ў гэтым годзе хочам паклікаць жыхароў і іншых гарадоў вобласці, – сказаў Юрый Стукалаў. – Калі ў чалавека будзе магчымасць перыядычна па суботах прыязджаць у Магілёў, мы не бачым ніякіх праблем. Магчыма, у новай «Цяпліцы» паспеюць цікавыя ідэі і для рэгіёнаў».

Як адзначыў кіраўнік цэнтра, «Цяпліца» – гэта не школа ў звыклым сэнсе, а серыя сустрэч і лекцый, якія дапамогуць неабыякавым людзям навучыцца быць больш ініцыятыўнымі і актыўнымі ўдзельнікамі гарадскога жыцця.

Заняткі ў «Цяпліцы» будуць праходзіць двойчы на месяц. Увесь курс будзе доўжыцца пяць месяцаў. Слухачам школы трэба будзе наведаць дзесяць заняткаў. Яны будуць прысвечаны таму, як прыдумваць і рэалізоўваць цікавыя праекты. Таксама ў праграме навучання запланаваны тэматычныя семінары, у якіх зможа прыняць удзел любы жадаючы. Лектарамі выступяць людзі з вялікім практычным вопытам у сваёй сферы.

Каб стаць навучэнцам «Цяпліцы», трэба да 29 лістапада ўключна запоўніць анкету-заяўку. Слухачы будуць адабраны арганізатарамі на конкурснай аснове. Удзел у праекце бясплатны. Па ўсіх дадатковых пытаннях можна звярнуцца на адрас: cgimogilev@gmail.com

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая