Рус Бел Eng 中文

Злёт машыністаў пройдзе 22-23 лістапада ў Магілёве

Пяты злёт машыністаў пройдзе на Беларускай чыгунцы 22-23 лістапада, паведамілі ў прэс-цэнтры БЧ.

У ім возьмуць удзел кіраўнікі беларускай магістралі, ветэраны працы і 125 машыністаў і машыністаў-інструктараў з 17 лакаматыўных дэпо БЧ, а таксама калегі з чыгуначных адміністрацый Расіі, Латвіі, Літвы і Украіны. Урачыстае адкрыццё мерапрыемства адбудзецца 22 лістапада ў Доме культуры чыгуначнікаў у Магілёве.

Форум будзе арганізаваны ў фармаце пяці круглых сталоў. Удзельнікі абмяркуюць пытанні рацыянальнага выкарыстання лакаматываў і лакаматыўных брыгад, эксплуатацыі новага рухомага саставу, гарантавання бяспекі руху і павышэння яе ўзроўню. Таксама на парадку дня павышэнне якасці прафесійнага навучання, паляпшэнне ўмоў працы, удасканаленне медыцынскага суправаджэння лакаматыўных брыгад, павышэнне матывацыі працы машыністаў і памочнікаў машыністаў Беларускай чыгункі.

Вынікам абмеркаванняў стануць канкрэтныя рашэнні, накіраваныя на прыняцце мер па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці не толькі лакаматыўнай гаспадаркі, але і ўсёй Беларускай чыгункі, адзначылі ў прэс-цэнтры.

Акрамя таго, адбудзецца цырымонія ўзнагароджання работнікаў лакаматыўнай гаспадаркі Беларускай чыгункі нагруднымі знакамі «За безаварыйны прабег на лакаматыве 1 000 000 км» і «За безаварыйны прабег на лакаматыве 500 000 км», а таксама ветэранаў працы, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё чыгуначнага транспарту.

На сённяшні дзень агульная колькасць работнікаў лакаматыўных брыгад на Беларускай чыгунцы складае больш за 6 тыс. чалавек. Амаль 40% машыністаў БЧ мае вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю.

Злёты машыністаў на Беларускай чыгунцы традыцыйна праводзяцца раз на два гады. Першы адбыўся ў 2010 годзе ў Лідзе.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая