Рус Бел Eng 中文

Зварот Прэзідэнта Беларусі да суайчыннікаў з нагоды 75-годдзя Хатынскай трагедыі

Дарагія суайчыннікі!

Вялікая Айчынная вайна пакінула беларускаму народу цяжкую спадчыну - памяць аб страшных трагедыях людзей, якія сталі сведкамі і ахвярамі жудасных злачынстваў фашызму. Сёння мы аддаём даніну памяці жыхарам Хатыні, спаленай нацыстамі 75 гадоў таму.

22 сакавіка 1943 года ў жыццё маленькай вёсачкі прыйшла бяда. Акупанты, якія цярпелі паражэнне на франтах, вынеслі смяротны прысуд мірнаму насельніцтву. Карнікі не злітаваліся над старымі, жанчынамі і немаўлятамі. У агні загінулі 149 чалавек.

Мы ніколі не змірымся з жахам бацькоў, на вачах якіх паміралі дзеці. Нам ніколі не забыць страх і бездапаможнасць дзіцяці, якое шукае абароны ў дарослага і не разумее, за што забіраюць у яго жыццё. Нам не дараваць гора бацькі, які выжыў, але страціў свайго сына, і слёз хлопчыка, які знайшоў паратунак над целам забітай маці.

Успамінаючы Хатынь, мы ўспамінаем тысячы па-зверску знішчаных вёсак. Аплакваючы ахвяр гэтых жудасных падзей, аплакваем кожнага трэцяга жыхара Беларусі, які загінуў у час Другой сусветнай вайны. Гэты боль назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах як памяць аб жорсткіх злачынствах супраць чалавечнасці. І няма ім апраўдання.

Вельмі дарагой цаной дасталася свабода роднай зямлі нашаму народу. Гістарычную памяць аб тых страшэнных гадах мы беражліва захаваем і перададзім дзецям як імунітэт супраць любой ваеннай агрэсіі і нацыяналістычнай варожасці. Як разуменне таго, што нішто на свеце не варта адабранага чалавечага жыцця.

Свет зноў забывае гэтыя ўрокі. Ваенныя пагрозы, тэрарыстычныя акты, міжканфесійныя спрэчкі і міжнацыянальныя канфлікты запаўняюць старонкі гісторыі XXI стагоддзя новымі незлічонымі ахвярамі. І сучасны твар зла, часам схаваны за маскай добрых намераў, - такі ж агідны, як і нацызм. Ідэі звышдзяржаўнасці і пераважання нацый знаходзяць чарговых паслядоўнікаў і вядуць да новых бед.

Мы, беларусы, носьбіты геннай памяці нечалавечых пакут народа, які выстаяў у Вялікай Айчыннай вайне, гаворым усім: "Няхай самотны бой званоў Хатыні гучыць і перасцерагае ад паўтарэння страшнай трагедыі. Няхай іх металічны плач данясецца да тых куткоў Зямлі, дзе сёння забылі аб тым, што жыццё - гэта дар божы, мір - самая вялікая каштоўнасць. Мы павінны гэта помніць заўсёды!

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая