11 красавіка ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, дзень смутку мільёнаў загінуўшых вязняў фашызму. Страшная гістарычная дата, прысвечаная страшным падзеям 20 стагоддзя. У Магілёве ў гэты дзень пройдзе мітынг і ўскладанне кветак да помніка «Дзецям вайны». Дзеці, нароўні з дарослымі, спазналі жахі канцэнтрацыйных лагераў. Магілёўскі гісторык Генадзь Ваўчок заклікае моладзь і ўсю грамадскасць горада не забываць гэту страшную дату ў гісторыі Еўропы.
Канцэнтрацыйныя лагеры ў фашысцкай Германіі былі створаны пасля прыходу гітлераўцаў да ўлады ў 1933 г. для ізаляцыі і рэпрэсіравання праціўнікаў нацысцкага рэжыму. У ліку першых каля горада Веймар ствараецца нямецка-фашысцкі канцлагер Бухенвальд. Створаны ў ліпені 1937 года на гары Этэнсберг (першапачаткова існаваў пад гэтай назвай). Меў 66 філіялаў і знешніх рабочых каманд. Лагер абсталёўваўся ўсімі сродкамі для масавага знішчэння людзей – газавымі камерамі, крэматорыямі, спецыяльнымі прыстасаваннямі.
Спачатку ў Бухенвальдзе змяшчаліся нямецкія антыфашысты, пазней – у гады Другой сусветнай вайны – і ваеннапалонныя розных нацыянальнасцей. 18 верасня 1941 года ў лагер паступілі савецкія ваеннапалонныя. Нечалавечыя ўмовы існавання, жахлівыя медыцынскія эксперыменты над вязнямі, голад, пабоі, зверствы нацыстаў і наглядчыкаў, непасільная праца прывялі да масавай смяротнасці. Каля 10 тысяч зняволеных былі знішчаны, у тым ліку амаль 8,5 тысяч савецкіх ваеннапалонных.
За 8 гадоў існавання лагера праз яго прайшло каля 240 тысяч вязняў з 33 краін (па звестках адміністрацыі лагера), з іх 55 тысяч чалавек з 18 краін былі знішчаны, у тым ліку 19 тысяч з СССР.
У жніўні 1944 года ў Бухенвальдзе гітлераўцы забілі кіраўніка нямецкіх камуністаў Эрнста Тэльмана, старшыню Сацыял-дэмакратычнай Партыі Германіі Р. Брэйтшэйда. У спецыяльным блоку знаходзіліся вядомыя дзяржаўныя і палітычныя дзеячы з акупаваных краін – Л.Блюм, Э.Даладзье, прадстаўнікі германскай буржуазнай апазіцыі, у тым ліку ўдзельнікі антыгітлераўскай змовы ў ліпені 1944 года.
Зняволеных бязлітасна эксплуатавалі ўладальнікі буйных прамысловых фірмаў, чые прадпрыемствы размяшчаліся ў раёне Бухенвальда (Сіменс, Юнкер і інш.). Асабліва шмат вязняў загінула ў філіяле «Бухенвальд-Дора», дзе ў падземных памяшканнях вырабляліся самалёты-снарады «ФАУ».
Нягледзячы на тэрор, з часоў заснавання лагера ў Бухенвальдзе сталі фарміравацца падпольныя антыфашысцкія групы Супраціўлення. У 1943 годзе ствараецца інтэрнацыянальны камітэт на чале з нямецкім камуністам В.Бартэлем. Да пачатку красавіка 1945 года арганізацыя налічвала 178 груп (па 3-4 чалавекі кожная), у тым ліку 56 савецкіх груп.
У антыфашысцкім Супраціўленні ўдзельнічалі людзі розных сацыяльных слаёў і груп насельніцтва, палітычных і рэлігійных поглядаў, інтэлігенцыя і буржуазія, рабочыя і сяляне, камуністы і сацыялісты, лібералы, кансерватары і беспартыйныя, хрысціяне і мусульмане. Іх аб’ядноўвала агульная мэта – супрацьстаяць германскаму фашызму.
11 красавіка 1945 г. ва ўмовах разгрому нямецкіх войскаў у Другой сусветнай вайне вязні Бухенвальда на чале з інтэрнацыянальным палітычным цэнтрам паднялі паўстанне, баявыя групы раззброілі ахову і авалодалі лагерам, куды 12 красавіка 1945 г. увайшлі амерыканскія войскі. Было вызвалена больш за 20 тыс. чалавек, у тым ліку 900 дзяцей.
Нюрнбергскі працэс, які адбыўся ў 1945-1946 гадах, – першы ў гісторыі міжнародны суд, прызнаў агрэсію найвялікшым крымінальным злачынствам, пакараў 24 галоўных арганізатараў знішчэння мільёнаў нявінных людзей.
У 1958 г. створаны Міжнародны камітэт з былых вязняў Бухенвальда, адкрыты велічны ансамбль у Бухенвальдзе (арх. Л.Дэйцэрс і інш, скульптар Ф.Крэмер і інш ...), які ўключае алею стэл з рэльефамі, што апавядаюць пра гісторыю лагера і барацьбе вязняў; тры брацкія магілы; Дарога нацый, уздоўж якой размешчаны 18 пілонаў (па ліку краін, грамадзяне якіх загінулі ў Бухенвальдзе) з бронзавымі чарамі Вечнага агню. У цэнтры ансамбля – Плошча мітынгаў з 3-яруснай вежай Свабоды і бронзавым шматфігурным манументам, які паказвае вязняў канцлагера.
Няўмольны гадзіннік гісторыі адлічвае 76-ы год Вялікай Перамогі. Час бяссільны сцерці з памяці пакаленняў тых, хто гераічна змагаўся, аддаўшы жыццё за гонар, славу і незалежнасць сваёй Айчыны, хто выратаваў народы ад фашысцкага прыгнёту. Вялікая Айчынная вайна навечна ўвайшла ў аналы гісторыі. Да вопыту і вынікаў вайны людзі звяртаюцца зноў і зноў.
У наш складаны час робяцца спробы перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны на карысць пэўных палітычных плыняў у краінах Прыбалтыкі, ва Украіне, у шэрагу іншых еўрапейскіх краін. Здзекам, знявазе падвяргаюць нявінных людзей палітыкі Ісламскай дзяржавы.
Усё менш і менш застаецца ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, і таму праўду пра яе сталі таксама перадаваць падрастаючаму пакаленню былыя малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў. Яркім пацверджаннем гэтаму стала выдадзеная кніга «Вайна вачыма дзяцей» (аўтары Я.А.Соцікаў і У.А.Парахневіч), у якую ўключылі ўспаміны 24 былых вязняў з Магілёўскай вобласці аб невыносных умовах утрымання ў лагерах, катаржнай працы на заводах і на палях у фермераў, бесчалавечным стаўленні да іх. Цяжка пералічыць усе віды прыніжэнняў і зняваг, перажытых вязнямі. Сёння людзі павінны ведаць, памятаць і не забываць учыненых фашыстамі злачынстваў у гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
13.08.2020 - 15:17
29.07.2020 - 12:46
10.07.2020 - 14:16
09.07.2020 - 15:34