Рус Бел Eng 中文

Рэдкі для Беларусі арол-магільнік знойдзены ў Бялыніцкім раёне

Рэдкі для Беларусі арол-магільнік знойдзены ў Бялыніцкім раёне, паведамілі ў грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).

Магільнік, або імператарскі арол, занесены ў Міжнародны Чырвоны спіс як від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Колькасць віду па ўсёй Еўропе зніжаецца. Найбліжэйшыя да Беларусі месцы гнездавання гэтага рэдкага арла – у Цэнтральнай Украіне. Чаму дарослая птушка больш не выгадоўвае птушанят, а падалася на поўнач – невядома.

Знясіленая птушка здзейсніла вымушаны прыпынак на школьным стадыёне ў аграгарадку Вішоў. Арла сфатаграфавалі, вызначылі від з дапамогай спецыялістаў АПБА. Настаўнікі патэлефанавалі ў розныя інстанцыі. У выніку ў школу прыехалі супрацоўнікі Магілёўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь разам са спецыялістам Магілёўскага заасада, адлавілі птушку і адвезлі ў заасад. Па словах супрацоўнікаў, птушка выглядае здаровай, проста аслабела. Яны спадзяюцца, што за некалькі дзён арол адновіць сілы і яго можна будзе адпусціць.

У спісе відаў птушак Беларусі арол-магільнік лічыцца, але дакументальных пацверджанняў раней не было. У 1981 годзе птушку адзначылі арнітолагі падчас улікаў, але не сфатаграфавалі, а гэты від вельмі падобны на іншых арлоў. Другі раз магільніка на нашай тэрыторыі адзначылі ў верасні 2014 года: птушку ніхто не бачыў, але гэты венгерскі арол меў спадарожнікавы перадатчык. Так што гэта першая задакументаваная рэгістрацыя віду ў Беларусі.

«Гісторыя гэтага магільніка сапраўды дзіўная: дзякуючы суладнай працы розных людзей арол быў выратаваны, – адзначае дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі. – Не здзіўлюся, калі праз дзясятак гадоў мы будзем гаварыць і аб гнездаванні магільніка ў Беларусі. З-за пацяплення клімату лесастэпы – месцы пражывання гэтага віду – зрушваюцца на поўнач. Так што будзе тут гнездавацца і замест байбакоў лавіць гракоў».

АПБ просіць звяртаць увагу на незвычайных птушак. Дапамагчы ў вызначэнні віду могуць па адрасе info@ptushki.org, таксама можна самастойна вызначаць птушак у базе даных «Біяразнастайнасць Беларусі».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая