Рус Бел Eng 中文

Стварэнне сумесных вытворчасцей стане новым крокам на шляху ўмацавання супрацоўніцтва Магілёўскай вобласці і правінцыі Хэнань - Уладзімір Даманеўскі

Стварэнне сумесных вытворчасцей стане новым крокам на шляху ўмацавання супрацоўніцтва Прыдняпроўскага краю і правінцыі Хэнань. На гэта звярнуў увагу старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі на сустрэчы з дэлегацыяй кітайскай правінцыі.

Губернатар адзначыў, што на сённяшні дзень паміж рэгіёнам і КНР выбудавана лагістыка для ўзаемнага гандлю. «Калі нашы прадпрыемствы толькі пачалі адпраўляць прадукцыю ў гэтую далёкую краіну, то дрэнна ўяўлялі, як правільна яе даставіць і пры гэтым захаваць якасць, – адзначыў Уладзімір Даманеўскі. – На дадзены момант пытанні вырашаны, і вытворцы спакойна пастаўляюць у Кітай малако, прысмакі, і аб’ёмы растуць». За чатыры месяцы бягучага года вобласць прадала ў КНР 183 т. стэрылізаванага малака – столькі ж, колькі за ўвесь 2016-ы. Акрамя таго, Магілёўшчына згодна з заключаным кантрактам, павінна ў 2017 годзе паставіць у Кітай 200 т. сухога малака.

Тэмп росту тавараабароту з КНР ў 2016 годзе склаў 105% у адносінах да 2015-га, а па выніках 5 месяцаў 2017-га года вырас да 126%. «Лічбы сведчаць пра тое, што нашы вытворцы карысныя адзін аднаму», – лічыць Уладзімір Даманеўскі. Магілёўская вобласць зацікаўлена ў павелічэнні аб’ёмаў кітайскіх інвестыцый у эканоміку рэгіёна, тэхналогіях. Жыхарам далёкай краіны падабаецца наша мэбля, прадукты харчавання, лесаматэрыялы, шыны, лён, піва.

Губернатар звярнуў увагу гасцей на тое, што ўсе ўмовы для стабільнага развіцця супрацоўніцтва дзвюх краін створаны на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. Таму важна актывізаваць наладжванне адносін паміж рэгіёнамі. І тут не варта спыняцца на тавараабменных аперацыях, а варта пераходзіць на больш высокі ўзровень партнёрства – стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Такія праекты ў Магілёўскай вобласці ўжо прапрацаваны і гатовыя да рэалізацыі. Гэта вытворчасці па перапрацоўцы ялавічыны і вырошчванні грыбоў з далейшай пастаўкай прадукцыі ў Кітай.

Прадстаўнікам правінцыі Хэнань Уладзімір Даманеўскі прапанаваў разгледзець магчымасць арганізацыі сумесных вытворчасцей металаканструкцый для мастоў і пуцеправодаў, вагонаў для адпраўкі прадукцыі ЗТАА «ВМГ Індустры» ў КНР. Рэгіён гатовы вылучыць зямельныя ўчасткі для вырошчвання і перапрацоўкі лёну.

Кіраўнік Прыдняпроўскага краю таксама паведаміў гасцям аб спецыяльным указе, які распаўсюджваецца на сем паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўшчыны, якія мяжуюць з Расіяй. Тут дзейнічаюць прэферэнцыі для наваствораных прадпрыемстваў, у тым ліку льготы па падаткаабкладанні, адлічэннях у Фонд сацабароны, садзеянне ў развіцці інжынерна-транспартнай інфраструктуры. Дадзеная тэрыторыя адрозніваецца нізкай шчыльнасцю насельніцтва, але вялікімі запасамі лесу і магчымасцямі для развіцця мясной і малочнай жывёлагадоўлі. Таму цалкам апраўдана арганізацыя на паўднёвым усходзе вобласці сумеснага з кітайскімі партнёрамі прадпрыемства па вытворчасці ялавічыны са свабодным выпасам жывёлы.

Добрыя перспектывы супрацоўніцтва назіраюцца і ў сферы турызму. Магілёўшчына валодае вялікімі тэрыторыямі для палявання. Дзякуючы своечасова прынятым мерам, павялічана пагалоўе лася, аленя, казулі. Кітайскія турысты, якія любяць паляванне, ужо не раз наведвалі рэгіён і змаглі ацаніць прадастаўленыя паслугі, якія даюць магчымасць пазнаёміцца з нацыянальнымі традыцыямі і прыродай беларускай глыбінкі.

Асаблівую ўвагу, на думку старшыні Магілёўскага аблвыканкама, неабходна надаць наладжванню кантактаў паміж моладдзю дзвюх краін, якой у будучыні трэба будзе захоўваць і развіваць дружалюбныя адносіны. Таму важна аб’яднаць агульныя мэты калектываў ВНУ і школы, стварыць умовы для адукацыйнага абмену студэнтамі.

У сваю чаргу намеснік генеральнага сакратара камітэта КПК правінцыі Хэнань Лі Ендонг адзначыў, што цяперашні візіт безумоўна паспрыяе ўмацаванню ўзаемаадносін з Магілёўскай вобласцю, паколькі галоўная задача дэлегацыі – даведацца ў ходзе перамоваў пра магчымасці і перспектывы развіцця ўсебаковага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Госць выказаў вялікую зацікаўленасць у развіцці турызму, партнёрства ў галіне сельскай гаспадаркі, адукацыі. Ён падзякаваў губернатару за цёплы прыём і арганізацыю паставак у правінцыю Хэнань прадуктаў.

Пасля сустрэчы з губернатарам Магілёўскай вобласці кітайская дэлегацыя адправілася ў СЭЗ «Магілёў», каб азнаёміцца з магчымасцямі і патэнцыялам свабоднай эканамічнай зоны.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая