XXII Міжнародны пленэр па жывапісе “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве”, прысвечаны 145-годдзю з дня нараджэння народнага мастака Беларусі і Расіі Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, пачне працу ў сярэдзіне жніўня. Пра гэта паведаміла намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава Святлана Строгіна.
Першая частка беларуска-расійскага праекта пройдзе на тэрыторыі Тульскай вобласці. 14 жніўня беларускія мастакі адправяцца працаваць у дзяржаўны мемарыяльны гісторыка-мастацкі і прыродны музей-запаведнік Васіля Паленава. «Адкрываць пленэр на расійскай зямлі стала добрай традыцыяй, – заўважыла Святлана Строгіна. – Праграма знаходжання будзе насычанай. Акрамя працы на тэрыторыі музея-запаведніка, мяркуюцца творчыя паездкі для стварэння твораў і эцюдаў у Ясную Паляну, Тарусу, па наваколлях Меліхава».
А 24 жніўня мастакоў будзе сустракаць Магілёўская вобласць. Да беларускіх майстраў пэндзля далучацца таленавітыя жывапісцы з Расіі, Індыі, Ізраіля, Арменіі, Літвы, Кітая і Украіны. «Склад удзельнікаў будзе абноўлены на 90%, – удакладніла Святлана Строгіна. – Адно застанецца нязменным – захаванне напрамку традыцыйнага, рэалістычнага, акадэмічнага жывапісу, у якім працавалі Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Васіль Паленаў, Ісаак Левітан і іншыя мастакі, чые імёны насілі папярэднія пленэры».
Як адзначыла суразмоўца, у Прыдняпроўскім краі да працы прыступяць 22 мастакі. Гэта будуць як новыя, так і гучныя імёны ў жывапісе. Сярод апошніх – заслужаны мастак Расіі Аляксей Шалаеў і заслужаны мастак Украіны Яўген Смірноў. Чакаецца, што падчас пленэра яны правядуць майстар-класы для моладзі.
Падарожжа па Магілёўскай вобласці творчая брація пачне з вёскі Крынкі Бялыніцкага раёна – месца, дзе нарадзіўся Вітольд Бялыніцкі-Біруля. Праграмай таксама прадугледжана наведванне вёскі Лыскаўшчына Круглянскага раёна. Тут калісьці працаваў рускі жывапісец Мікалай Неўраў. Зазірнуць майстры пэндзля і ў Слаўгарад, дзе жыў, творча працаваў і пахаваны вядомы партрэтыст Фёдар Тулаў. «Тут у мінулым годзе на гарадскіх могілках з дапамогай мясцовых краязнаўцаў была знойдзена магіла мастака, – адзначыла Святлана Строгіна. – Яе прывялі ў парадак і ўсталявалі мармуровую пліту з ініцыяламі і гадамі жыцця Тулава. Акрамя таго, на будынку раённага гісторыка-краязнаўчага музея ўсталявалі мемарыяльную дошку яго памяці».
Намеснік дырэктара звярнула ўвагу на тое, што праграма складзена такім чынам, каб мастакі змаглі не толькі пазнаёміцца з прыродай, архітэктурай, жыхарамі Прыдняпроўскага краю, але і ўліцца ў гісторыю пленэрнага руху.
Усе ўражанні ад убачанага майстры пэндзля адлюструюць на палотнах, зробяць накіды на паперы. Гаварыць пра тое, колькі будзе створана карцін, пакуль рана. «Кожны мастак – непрадказальная асоба з розным узроўнем працаздольнасці, творчым патэнцыялам. Адным фантазія дазволіць напісаць 30 эцюдаў, іншыя за гэты час створаць толькі адзін, – сказала намеснік дырэктара. – Напрыклад, беларускі мастак Фелікс Гумен на пленэры паспяваў не толькі даваць майстар-класы, але і за 10 дзён працы на расійскай зямлі змог напісаць больш за 40 твораў. Іх акварэліст прэзентаваў у выглядзе персанальнай экспазіцыі».
Завершыцца мерапрыемства 6 верасня адкрыццём выніковай выставы ў абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленнікава. Сюды ўвойдуць па дзве лепшыя карціны ад кожнага аўтара. У Магілёве выстава будзе працаваць на працягу месяца. Пасля яна пачне падарожжа па вобласці. Чакаецца, што першымі яе змогуць убачыць жыхары Бялыніцкага раёна.
Дарэчы, гэта не адзіная выстава, якой абяцаюць здзівіць арганізатары пленэра. 24 жніўня, у дзень адкрыцця творчага форуму “Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве”, у мастацкім музеі імя П. В. Масленікава гледачам прадставяць рэтраспектыўную экспазіцыю. Яна будзе ўключаць раней створаныя на пленэрах творы, прымеркаваныя да юбілейных дат. У іх ліку – 125-годдзе і 130-годдзе з дня нараджэння Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.
Пленэрных рух нарадзіўся ў Магілёўскай вобласці ў 1996 годзе. За гэты час у фондах абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленнікава паступіла каля 2 тыс. твораў сучасных мастакоў.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
20.08.2020 - 15:35
19.08.2020 - 15:25
18.08.2020 - 20:45
У Магілёве прайшоў мітынг у падтрымку міру, бяспекі і спакою. Відэа
18.08.2020 - 14:02
COVIND-19 і другая хваля: калі чакаць? Адказвае эпідэміёлаг Ірына Бас
17.08.2020 - 11:28
14.08.2020 - 16:43
ЦВК зацвердзіла вынікі выбараў: Прэзідэнтам выбраны Аляксандр Лукашэнка